«Мяркую, што існуе тэрміновая неабходнасць разгляду пытанняў свабоды СМІ ў Беларусі, ажыццяўлення рэформ і змены заканадаўства ў гэтай сферы»,
— заявіла прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч 4 чэрвеня на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у Мінску.

«Я кажу ўсё гэта з павагай да беларускіх уладаў. Але мая роля заключаецца ў тым, каб пастаянна нагадваць уладам пра іх абавязацельствы па свабодзе СМІ,

узятыя ў межах АБСЕ», — падкрэсліла яна.

Міятавіч зазначыла, што сустрэча з парламентарыямі і прадстаўнікамі парламенцкіх камісій, якія займаюцца пытаннямі СМІ, з’яўляецца неад’емнай часткай яе працы.

«Вельмі важна быць упэўненым, што праца камісіі і экспертныя веды яе членаў падштурхоўваюць да рэформ у правільным кірунку. Як прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ я заўсёды зазначаю, што ўсе заканадаўчыя акты, звязаныя са СМІ, павінны быць дружалюбныя ў адносінах да прэсы і заахвочваць яе працу, а не абмяжоўваць», — сказала прадстаўнік АБСЕ.

Сярод важных пытанняў, на якія Міятавіч звярнула ўвагу беларускага боку, — цяперашні закон аб СМІ. «Ён павінен быць перагледжаны. Мой офіс раней падрыхтаваў юрыдычную ацэнку гэтага закона. На маю думку, неабходна пачаць працэс яго рэфармавання», — заявіла яна.

Афіцыйны Мінск, між тым, чакае ад Міятавіч «аб’ектыўнасці і гатоўнасці да раўнапраўнага, адкрытага дыялогу».

Пра гэта перад сустрэчай з Міятавіч заявіў журналістам старшыня камісіі па міжнародных справах палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка.

«Беларусь адкрыта для такога дыялогу ва ўсіх сферах. Спадзяемся, што гэтая пазіцыя будзе ўспрынята Еўрасаюзам. Менавіта за такім дыялогам будучыня, таму што аналіз санкцый і ўльтыматумаў, якія ЕС выставіў Беларусі, паказаў, што яны контрпрадуктыўныя, і не толькі не мелі станоўчага эфекту, але і проста супрацьлеглы», — сказаў дэпутат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?