Доктару Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы Івану Шэгу сёлета споўнілася 60 гадоў, 30 гадоў ён адпрацаваў у Слонімскай раённай бальніцы. Доктар вопытны, спецыяліст вышэйшай катэгорыі, якога ведаюць як добрага спецыяліста ўсе жыхары Слонімшчыны і нават суседніх раёнаў, ён поўны сіл і энергіі працаваць і надалей. І гэта ведае і галоўны доктар Слонімскай ЦРБ Юрый Пяцельскі. 24 красавіка за подпісам Пяцельскага Іван Шэга атрымаў афіцыйны ліст: «Адміністрацыя УА «Слонімская ЦБР паведамляе, што з Вамі будзе працягнуты кантракт тэрмінам на адзін год з 28 чэрвеня 2013 года да 27 чэрвеня 2014 года». Вядома ж, свой мясцовы доктар, як такога можна выганяць, калі ён добры спецыяліст, а ў Слонімскай ЦРБ сёння не хапае дзясятка дактароў. Напрыклад, каб трапіць да неўрапатолага, трэба чакаць месяц, да ўролага — каля двух месяцаў, тое самае і з траўматолагамі. Не хапае ў Слоніме траўматолагаў, бо нядаўна два добрыя спецыялісты пераехалі ў Калінкавічы, уролаг — адзін, і тое ён даўно пенсіянер. Маладыя спецыялісты прыедуць, адпрацуюць два гады і пакідаюць горад. І раптам 21 мая Іван Шэга атрымлівае ад таго ж Пяцельскага новы ліст, дзе галоўны доктар папярэджвае: «Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня Вы будзеце звольнены ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта, п.2 арт.35 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».
Такое рашэнне галоўнага доктара Слонімскай ЦРБ не на карысць усіх слонімцаў. У абарону доктара Івана Шэгі і запланаваны пікет у Слоніме.
Адначасова сярод жыхароў Слонімшчыны актыўна пачаўся збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Слонімскі райвыканкам, Гродзенскі аблвыканкам, Міністэрства аховы РБ, адміністрацыю прэзідэнта РБ, у якім людзі просяць даць ім мажлівасць лячыцца ў вопытнага доктара, якому яны давяраюць і якога ведаюць шмат гадоў. У абарону доктара Івана Шэгі ужо сабрана слонімцамі 250 подпісаў і адпраўленыя па адрасах. Збор подпісаў працягваецца, слонімцы актыўна ставяць свае подпісы і незадаволеныя такім учынкам спадара Пяцельскага.





