У выніку штармавога ветру 27 мая ў Беларусі пацярпелі 48 населеных пунктаў, пашкоджаныя дахі 95 жылых дамоў, 3 аб'екты сацкультбыту, адзін вытворчага прызначэння і 70 сельскагаспадарчых будынкаў. Вядуцца аднаўленчыя работы.
Як паведамлялася раней, у Баранавічах каля 16:15 зваліўся блокавы фасадны франтон чатырохпавярховага жылога дома па вул. Леніна, 8. Атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці дзве асобы; іх шпіталізавалі.
У Слуцку выпаў град дыяметрам 20 мм.
Былі абясточаныя 833 населеныя пункты, 120 сельскагаспадарчых будынкаў, 2.428 трансфарматарных падстанцый, пашкоджаныя 184 лініі электраперадачы. Адключэнні аператыўна аднаўляліся аварыйнымі брыгадамі.
Па стане на 6 гадзін раніцы без электразабеспячэння заставаліся 15 населеных пунктаў у Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.





