Наваполацкага моладзевага актывіста Андрэя Гайдукова, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве», будуць судзіць у Віцебскім абласным судзе. Туды ўжо перадалі матэрыялы справы, паведаміла яго маці Вольга Гайдукова.
Дату суда яна пакуль не ведае, але мяркуе, што гэта адбудзецца ў чэрвені. Спадарыня Гайдукова хоча, каб працэс па справе сына быў адкрыты.
Яна распавяла, што 24 мая ў Мінску ў СІЗА з Андрэем меў сустрэчу адвакат. Але магчыма, што яго ўжо этапавалі ў Віцебск. Ён пачуваецца добра і трымаецца нармальна.Яго ўтрымліваюць пад вартай, і гэты тэрмін працягнуты да 17 чэрвеня.
Вользе Гайдуковай так і не дазволілі сустрэцца з сынам. Яна спадзяецца, што гэты дазвол можна будзе атрымаць у суддзі.
«Хочацца завяршэння гэтай трагікамедыі. Стаміліся ўсе: і ён, і мы самі. Больш за паўгода ўсё цягнецца», — кажа жанчына.