Менавіта на аснове гэтага дакумента Следчы камітэт прыняў рашэнне аб затрыманні некалькіх супрацоўнікаў цэнтра «Экамедсэрвіс». Следства мае высветліць, наколькі высновы, зробленыя Міністэрствам аховы здароўя, справядлівыя. Варта адзначыць, што ў рашэнні Міністэрства гаворыцца аб віне анестэзіёлага, між тым Следчы камітэт пастанавіў арыштаваць не толькі яго, але і медсястру, якая яму дапамагала, і саму дырэктарку цэнтра — а ў мінулым начальніцу аднаго з упраўленняў таго самага міністэрства Галіну Валжанкіну.
«Анестэзіялогія пацыентцы К. праводзілася на тэхнічна няспраўным апараце», — робіць выснову камісія Міністэрства аховы здароўя на чале з першым намеснікам міністра Піневічам.Агульнае абязбольванне рабілася без газавага маніторынгу, насуперак інструкцыям. Пацыентку адправілі ў палату, нягледзячы на тое, што не было прыкметаў яе вяртання ў прытомнасць.
Арганізацыю меддапамог пацыентцы К. у «Экамедсэрвісе» прызналі не адпаведнай нарматыўным дакументам.
Адначасова публікуем іншы дакумент: вынікі праверкі дзейнасці анестэзіялагічных службаў у розных медцэнтрах.На старонках 2 і 3 яго змешчана цікавая інфармацыя пра тое, наколькі нядбайна працуюць у прыватных клініках.
Міністэрства прыпыніла дзейнасць ліцэнзій цэнтрам, у якіх «правядзенне аперацый ва ўмовах агульнай анестэзіі з’яўляецца небяспечным для пацыента». Такімі былі прызнаныя не толькі «Экамедсэрвіс», але і «Грандмедыка», «Медэксперт», «Дзеля здароўя», «Валерэ», «Медарт», «ТрансЭнергаОйл».
Ёсць і шэраг медыцынскіх цэнтраў, у якіх Міністэрства ліцэнзіі не забрала, але забараніла правядзенне анестэзіі да выпраўлення хібаў. Гэта «Антэс Мед»,
З поўным тэкстам дакументаў Міністэрства аховы здароўя можна пазнаёміцца вышэй.
Абвінавачванні траім медыкам «Экамедсэрвіса», да якіх ужыта мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, пакуль з іх не выстаўленыя, яны працягваюць заставацца падазраванымі, паведамілі ў Следчым камітэце ў аўторак.
Галоўны інжынер медыцынскага цэнтра быў таксама затрыманы 6 мая па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, кваліфікаванага як службовая халатнасць, і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Створана следчая група ў складзе дзесяці следчых. Следчыя дзеянні праводзяцца з удзелам спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя па двух кірунках: анестэзіялогія і хірургія.
У канцы сакавіка ў медыцынскім цэнтры была зроблена аперацыя па рынапластыцы 25-гадовай жыхарцы Гродна Юліі Кубаравай.Пасля аперацыі пацыентка ўпала ў кому і не выходзіла з гэтага стану прыкладна месяц. Так і не прыйшоўшы ў прытомнасць, яна памерла 23 красавіка ў 4-й клінічнай бальніцы Мінска.





