Адмяніў льготы

У 55-гадовага Патупчыка гэта ўжо не першая праца на пасадзе міністра. Ад 2006 да 2009 ён узначальваў Міністрэрства працы і сацыяльнай абароны. Менавіта ў той час былі адмененыя большасць ільгот (для студэнтаў, чарнобыльцаў, іншых катэгорый грамадзян). Патупчыку даводзілася быць на пярэднім краі тых непапулярных рашэнняў. «Льготы — найбольш неэфектыўная і затратная форма сацыяльнай падтрымкі грамадзян», — казаў тады Патупчык. Супраць прагаласаваў усяго адзін дэпутат палаты. А ў савеце рэспублкі прыняцце таго закона заняло чатыры хвіліны.

Стаў віцэ-прэм'ерам

Пасля Патупчыка павысілі аж да віцэ-прэм’ера, адказнага за сацыяльную сферу. На гэтай пасадзе Патупчык не надта актыўнічаў. Адзначыць можна ягоны беларускамоўны выступ на Днях пісьменнасці ў Смаргоні. Праўда, прамаўляў ён з вялікай цяжкасцю. Прабыў на гэтай пасадзе Патупчык трошку больш за год, а замяніў яго вернуты з кітайскай высылкі Анатоль Тозік.

Шмат гадоў працаваў з Якабсонам

Яшчэ з канца 1980-х ідзе супрацоўніцтва сённяшняга міністра энэргетыкі з старшынёй Камітэта дзяржкантролю. Тады Патупчык працаваў загадчыкам арганізацыйнага аддзела Светлагорскага гаркама партыі, а Якабсон — узначальваў Светлагорскі савет дэпутатаў. Ад 1993 да 1997 Патупчык быў намеснікам Якабсона ў Светлагорскім гарвыканкаме. Варта заўважыць, што менавіта ў гэты час горад у Гомельскай вобласці заслужыў славу «сталіцы СНІДа і наркаманаў» у Беларусі. Пазней гэты тандэм працаваў у Гомельскім аблвыканкаме. Якабсон — старшыня, а Патупчык — намеснік. Аж пакуль апошняга не заўважылі ў Мінску.

Збіў на машыне чалавека

У 2007 міністр працы Патупчык, кіруючы асабістым аўто «Аўдзі-100», збіў на вуліцы Прытыцкага ў Мінску чалавека. Пацярпелага даставілі ў больніцу, дзе той хутка памёр. Патупчык сам выклікаў хуткую дапамогу. Пад колы, дарэчы, трапіў 27-гадовы асуджаны з Івянца. Ён самавольна пакінуў «хімію» і лічыўся ва ўцёках. Праводзілася расследаванне, але віны Патупчыка ў тым эпізодзе не знайшлі.

Сінекура і лёгкая атлетыка

Апошнія гады Патупчык займаў сціплую пасаду намесніка спікера савета рэспублікі. Праца не самая «пыльная». Таксама да мінулага года ўзначальваў федэрацыю лёгкай атлетыкі, аднак пасля правалу на Алімпіядзе ў Лондане (пасля дыскаліфікацыі Астапчук — ніводнага медаля) быў зняты з пасады. Менавіта ў час працы Патупчыка ў федэрацыі разгарнуўся скандал з трэнерам Бадуевым, які нейкі час быў пад следствам. Менавіта Патупчык лабіраваў прызначэнне Бадуева. Нейкая доля віны, што вынікі ў лёгкай атлетыцы рэзка пайшлі ўніз, таксама ляжыць і на Патупчыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?