Самай багатай сям’ёй у Расіі ў 2013 годзе прызнаныя Гуцэрыевы, сумарная маёмасць якіх ацэньваецца ў 6,22 млрд даляраў.
Рэйтынг самых багатых сем’яў склаў часопіс CEO, шкала апублікавана на сайце выдання, паведамляе lenta.ru
За мінулы год прыбыткі Гуцэрыева выраслі на 420 мільёнаў даляраў. Іх асноўнымі актывамі з’яўляюцца «Русснефть», якой кіруе стваральнік кампаніі Міхаіл Гуцэрыеў і Бінбанк, які ўзначальвае Мікаіл Шышханаў.
Таксама да сям’і бізнесменаў выданне залічыла былога дэпутата Дзярждумы Саіта-Салама Гуцэрыева і прэзідэнта малдаўскага футбольнага клуба «Дачыя» Адлана Шышханава. Шышханавы з’яўляюцца стрыечнымі сваякамі Гуцэрыева.

Другое месца ў рэйтынгу дасталася братам Аркадзю і Барысу Ратэнбергам, маёмасць якіх склала 5,8 млрд даляраў. За год капітал сям’і вырас на 2,3 мільярда. Трэцяе месца занялі браты Даніла і Сяргей Хачатуравы, якім належаць «Росгосстрах» і РГС-банк. Іх капітал выданне ацаніла ў 5,7 мільярда даляраў.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2012 г. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных СМІ заявіў, што маскоўскія алігархі прапаноўвалі праз «аднаго Мішу» 5 мільярдаў даляраў за продаж кампаніі «Беларуськалій»
ніжэй за прызначаны раней кошт ($30–32 млрд). Лукашэнка таксама паведаміў, што на адзін са сваіх дзён нараджэння атрымаў ад расіяніна ў падарунак аўтамабіль «Майбах».

У прэсе з’явіліся асацыяцыі, што пад заможным расійскім «сябрам Мішам» хаваецца прадпрымальнік Міхаіл Гуцэрыеў.

Аднак у "Русснефті" тады абверглі інфармацыю. «Гэта нейкая лухта. Навошта прадпрымальніку, якому беларускі ўрад даверыў рэалізацыю аднаго з найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў, займацца такімі рэчамі, рызыкаваць?» — сказаў прадстаўнік «РуссНефті». Іншы менеджар з кампаніі, падкантрольнай Гуцэрыеву, назваў гэтыя паведамленні «нейкім непаразуменнем», пры гэтым пацвердзіў, што «ў іх (Гуцэрыева і Лукашэнкі) добрыя адносіны».

Між Гуцэрыевым і беларускімі ўладамі ўжо даўно склаліся трывалыя дружалюбныя адносіны.
Гуцэрыеў праз падкантрольную яму «РуссНефть» і яе беларускую «дачку» пастаўляе чорнае золата на беларускія НПЗ, а ў 2012 г. спецпрадстаўніком кампаніі ў Беларусі стаў экс-міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў.

У кастрычніку 2011 года падкантрольная Гуцэрыеву кампанія GCM Global Energy Plc падпісала пагадненне з урадам Беларусі аб будаўніцтве горна-абагачальнага комплексу па вытворчасці калійных угнаенняў з аб’ёмам інвестыцый не менш за 1,5 млрд даляраў і праектнай магутнасцю не менш як 1,1 млн тон хлорыстага калію ў год. Будаўніцтва шахты планавалася пачаць у сакавіку 2013 года, ўкладанні могуць дасягнуць 1,8–2 млрд даляраў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?