З-за забастоўкі работнікаў «Люфтганзы» найбуйнейшы нямецкі авіяперавозчык адмяняе амаль усе запланаваныя на 22 красавіка рэйсы, у тым ліку — у Беларусь.

Адмененыя, у прыватнасці, два рэйсы па маршруце Мінск — Франкфурт (адпраўленне з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у 05.55 і 14.00), а таксама рэйс Франкфурт — Мінск (вылет з Франкфурта ў 20.35), гаворыцца на афіцыйным сайце «Люфтганзы».

Авіякампанія паведамляе пра адмену амаль усіх запланаваных на панядзелак рэйсаў па Германіі і Еўропе. «Толькі некалькі рэйсаў адбудзецца 22 красавіка з вылетам з Берліна, дзе забастоўка павінна скончыцца да 14.30 па сярэднееўрапейскім часе», — адзначаецца ў паведамленні.

На мясцовых лініях будуць выкананы толькі 20 рэйсаў з 1.650. З аэрапорта ў Франкфурце вылеціць усяго шэсць рэйсаў з 50, з Мюнхена — тры з 17.

«Люфтганза» выказвае сваё шкадаванне ў сувязі з нязручнасцямі, прычыненымі пасажырам з-за страйку, і прыкладзе ўсе намаганні для мінімізацыі нанесенай ім шкоды, сказана ў заяве кампаніі.

Перабоі ў працы адной з найбуйнейшых авіякампаній свету звязаны з папераджальным страйкам. Работнікі «Люфтганзы» патрабуюць сацыяльных гарантый і павышэння заробкаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?