Як і тыдзень таму, сённяшні аўтапрабег стартаваў апоўдні на Святым возеры. Ад папярэдняй акцыі яго адрознівала наяўнасць супрацоўнікаў міліцыі, якія здымалі аўтамабілі і вадзіцеляў на відэа.

Гэтым разам удзельнікі прабегу адмовіліся ад надпісаў накшталт «Я плачу падаткі, дзе нармальныя дарогі?» і «За добрыя дарогі!», якія 14 красавіка былі нанесены акварэльнай фарбай на аўтамабілі і напісаны на ўлётках, прымацаваных да шкла машын.
Некаторыя ўдзельнікі акцыі выкарыстоўвалі сцяжкі аўтаклуба 6 Region, выставіўшы іх на дахах і бакавых стойках аўтамабіляў.

Падчас аўтапрабегу вадзіцелі падзяліліся на некалькі груп, кожная з якіх выбірала свой маршрут. Выехаўшы на Пушкінскі праспект, удзельнікі акцыі перасеклі Днепр і, падняўшыся да плошчы Арджанікідзэ, прадоўжылі рух па вуліцах Піянерскай і Карла Маркса. Увесь час іх суправаджалі патрульныя машыны ДАІ, якія, як сведчаць аўтамабілісты, нават парушалі правілы дарожнага руху — ехалі на чырвонае святло і выязджалі на сустрэчную паласу руху.

Паводле наяўнай інфармацыі, некалькі вадзіцеляў былі спынены: некаторым з іх прад’явілі абвінавачанні ў парушэнні правіл дарожнага руху.

Канчатковым пунктам аўтапрабегу стала пляцоўка каля спартыўнага комплексу «Алімпіец». Там удзельнікі акцыі правялі невялікі флэшмоб: у прымацаваную на ліхтарным слупе скрынку яны кідалі дробныя купюры на рамонт дарожнага пакрыцця ў Магілёве.

Нягледзячы на нервовую рэакцыю міліцыі, аўтамабілісты плануюць і надалей праводзіць такія акцыі, дамагаючыся добраўпарадкавання дарожнага пакрыцця ў Магілёве.

У Магілёўскім гарвыканкаме паведамілі, што з пачатку гэтага года ў горадзе выкананы бягучы рамонт 10,73 метра квадратнага асфальтабетоннага пакрыцця вуліц. У прыватнасці, з 15 па 19 красавіка работы праводзіліся па вуліцах Першамайскай, Ленінскай, Піянерскай, Каралёва, Калужскай, Турава, Касманаўтаў, Якубоўскага, Крывуліна, Грышына, Бялінскага, Маўчанскага, Гагарына, Сіманава, праспектах Міру, Шміта, Дзімітрава, Пушкінскім. У штодзённых работах задзейнічана 17 рамонтных брыгад.

Між тым, паводле ацэнкі спецыялістаў Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці, якая прагучала ў студзені на калегіі гэтага ведамства, цяперашнія тэмпы выканання дарожна-будаўнічых работ дазволяць прывесці вуліцы Магілёва ў парадак не раней чым праз 300 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?