Каб атрымаць крэдыты, ўладальніца сеткі прыватных аптэк прадаставіла ў банк дакументы з ілжывымі звесткамі аб маёмасці, якая давалася ў заклад, паведамляе
«Intex-press».
Магчыма, парушэнне і не заўважылі б, калі б жанчына не перастала плаціць па крэдытах.
Гісторыя пачалася яшчэ ў 2010 годзе, калі жыхарка Баранавічаў — уладальніца сеткі прыватных аптэк — звярнулася ў адзін з буйных банкаў з просьбай прадаставіць ёй крэдыт на закуп тавару.
У якасці гарантыі сваёй плацежаздольнасці жанчына падала ў банк бухгалтарскія дакументы аб наяўнасці тавараў, якія знаходзіліся ў абароце і павінны былі паслужыць залогам.
З перыядычнасцю ў некалькі месяцаў жанчына атрымала ў гэтым банку пяць крэдытаў на агульную суму, якая перавышае мільярд рублёў. І спачатку яна спраўна па іх плаціла.
Калі ж жанчына перастала разлічвацца з банкам і ў яе ўтварылася шматмільённая запазычанасць, была праведзена старанная праверка. Высветлілася, што дадзеныя ў бухгалтарскіх дакументах былі завышаныя, тавараў, якія павінны былі служыць заставай, на самай справе было значна менш, чым паказана ў бухгалтарскай справаздачнасці.
«Жанчына патлумачыла, што гандаль ішоў дрэнна, выручка была маленькай ці яе не было ўвогуле, таму яна і не змагла плаціць па крэдытах», — паведамілі ў фінансавай міліцыі.
На днях на гараджанку завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 237 КК (выманьванне крэдыту або субсідыі), якая прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.





