Польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі выказаў думку, што Уладзімір Пуцін «разыграў» Польшчу наконт газаправода «Ямал-2», піша epravda.com.ua.

«Маю ўражанне, што мы як дзяржава былі пэўным чынам разыграныя ў выніку медыйнай актыўнасці прэзідэнта Расіі», — заявіў Камароўскі.

На яго думку, у такіх справах варта быць спакойнымі і адказваць не эмацыйна, а казаць аб сваёй сустрэчнай прапанове.

Польскі лідар адзначыў, што сітуацыя з падпісаннем мемарандума прывяла да іміджавых страт для Польшчы, але не да стратаў у рэальнай палітыцы і эканамічных рашэннях.

Ён падкрэсліў, што гэты мемарандум з'яўляецца толькі дакументам аб намерах і не з'яўляецца формай, якая абавязвае да нейкіх рашэнняў, а толькі да магчымых шляхоў дзеянняў.

Камароўскі падкрэсліў, што сітуацыя з мемарандумам паказала, што ў Польшчы няма адзінага цэнтра прыняцця палітычных рашэнняў у сферы энергетыкі. Па яго перакананні, у краіне не хапае каардынацыі і абмену інфармацыяй паміж асобнымі міністэрствамі.

5 красавіка расійскі «Газпром» абвясціў аб падпісанні з польскім Europolgaz мемарандума аб узаемаразуменні, дакумент прадугледжвае рэалізацыю праекта «Ямал-Еўропа-2» праз тэрыторыю Польшчы ў кірунку Славакіі і Венгрыі магутнасцю не менш за 15 млрд куб. м газу ў год.

Аднак прэм’ер-міністр Польшчы Туск адмовіўся каментаваць падпісанне мемарандума з «Газпромам», заявіўшы, што нічога пра гэта не ведае.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?