Нармальны чалавек у той самай меры адчувае патрэбу крытыкаваць свет, у якім жыве, як і прымаць яго пазітыўна. Прапорцыі гэтых патрэб у чалавечай псіхіцы прыкладна роўныя, і гэта стварае нармальныя ўмовы для развіцця чалавека.

Судовы працэс у Ашмянах супраць фатографаў як на далоні паказаў, што ўлада не церпіць не толькі крытыкі, але і свайго адбітку ў люстэрку. 19 год яны спрабуюць закрыць рот крытыкам, а ў выніку гэта павялічвае патрэбу адабрэння.
Прэцэдэнт з альбомам «Прэс-фота Беларусі» паказвае, што патрэба адабрэння набыла форму гіперзакамплексаванасці.
Яны хочуць бачыць сябе прыгожымі волатамі, вялікімі дзяржаўнымі дзеячамі, змагарамі за народнае шчасце, а навокал утопію — шчаслівыя аграгарадкі і ўдзячных грамадзян.
Калі такой карцінкі атрымаць не ўдаецца, то праз прымус яны пазбаўляюць чалавека не толькі права крытыкі, але і простага апісання.

Хвароба і наканаванне кожнай дыктатуры — гэта інфантылізм. І ў гэты інфантылізм яны хочуць спіхваць як мага больш людзей.

Дыктатура настолькі пагарджае людзьмі, што імкнецца, каб народ здзяцінеў.

Гэта антымастацкі рэжым. Ён круціць мільярдамі, але, калі бярэцца за шэдэўр, то выходзяць вершы пра «туалецішча». Бярэцца за музыку — а выходзяць песні пра «віноград зелёный», бярэцца за архітэктуру — а паўсюль смурод сайдынгу.

Лукашысцкая журналістыка не фатаграфуе жыццё, яна падцягвае ўсё пад адзін тэзіс. Яны мараць выключна пра пастановачныя здымкі і ў выніку выходзіць... журбінка.

Але нават з усёй сваёй махінай і пустымі фразамі яны не здольныя пайсці наперад. Перашкода для іх — творчая індывідуальнасьць, бунт і свабода. І гэтую заваду ім не збурыць.

Яны мараць ізаляваць грамадства і закрыць яму рот да такой мяжы, каб людзі нават на кухнях не гаварылі пра тое, што навокал іх скрозь хлусня.
Бо калі людзі не будуць чытаць, слухаць і размаўляць пра тое, што навокал фальш, то яны перастануць яго разумець. А адсюль адзін крок да прыняцця хлусні за праўду.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?