Аляксандр Буханоўскі.
Вядомы эксперт па серыйных забойцах Аляксандр Буханоўскі памёр на 70-м годзе жыцця ў Растове-на-Доне. Смерць наступіла ў ноч на 18 красавіка ў адной з бальніц горада. У яго былі праблемы з сэрцам.
Сусветную вядомасць прафесару Буханоўскаму прынесла яго работа ў якасці эксперта па справе маньяка Андрэя Чыкацілы. У 1984 г. па просьбе следчых псіхіятр склаў «праспектыўны» псіхалагічны партрэт серыйнага забойцы.
У ім Буханоўскі, у прыватнасці, вызначыў, што злачынец не пакутаваў псіхозам або разумовай адсталасцю. Ён таксама дакладна апісаў узрост, манеру паводзін маньяка і псіхалагічныя матывы забойстваў.
Пасля паўторнага затрымання Чыкацілы ў 1990 г. Буханоўскага зноў запрасілі ў якасці эксперта на допыт забойцы, які адмаўляўся прызнавацца ў злачынствах. Следства не мела наўпроставых доказаў супраць Чыкацілы, а тэрмін яго ўтрымання пад вартай мінаў. Пасля размовы з Буханоўскім маньяк прызнаўся ў 56 забойствах, хоць следству на той момант было вядома толькі пра 53 эпізоды.
Аляксандр Буханоўскі нарадзіўся ў Грозным ў 1944 годзе. Быў доктарам у трэцім пакаленні.