Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Пінскага ГАУС 6 красавіка ўстанавілі асобу маці, якая пакінула сваё нованароджанае дзіця на лесвічнай пляцоўцы жылога дома ў Пінску.

Нагадаем, 3 красавіка ў 14.20 у аператыўна-дзяжурную службу гарадскога аддзела ўнутраных спраў паступіла паведамленне ад жанчыны па вуліцы Новікава. Яна сказала, што ў кватэру пазваніў невядомы, а калі яна адчыніла дзверы, убачыла на лесвічнай пляцоўцы загорнутую ў плед нованароджаную дзяўчынку, якая плакала.

Жанчына забрала дзіця ў дом і пазваніла ў міліцыю. На выклік прыбылі следча-аператыўная група Пінскага ГАУС і брыгада хуткай дапамогі.

Медыкі агледзелі дзяўчынку. З агульным пераахаладжэннем яна была змешчана ў пінскую дзіцячую бальніцу.

Як паведаміў старшы інспектар групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Пінскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў Юрый Куцэвіч,

маці падкідыша аказалася непрацуючая пінчанка 1986 года нараджэння. Іншая інфармацыя пра яе пакуль не паведамляецца.

Паводле слоў Куцэвіча, жанчына не можа растлумачыць прычыну свайго ўчынку. З яе слоў, яна прынесла немаўля менавіта да гэтай кватэры, таму што меркавала, што ў ёй жыве кормячая маці.

Прызначаны медыцынскія экспертызы. Паводле папярэдніх звестак, жанчына знаходзілася ў пасляродавым шоку. Па выніках праверкі будзе дадзена прававая ацэнка яе дзеянням.

Паводле інфармацыі намесніка галоўнага ўрача пінскай дзіцячай бальніцы Александра Сачкоўскага, на сёння дзяўчынка знаходзіцца ў аддзяленні даношаных дзяцей. У яе фізіялагічная жаўтуха і яна атрымлівае неабходнае лячэнне. Пагрозы жыццю дзяўчынкі няма.

Як зазначыў медык, нованароджанай на момант паступлення ў бальніцу было ўсяго каля сутак, вага — 2 кг 615 г.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?