Экс-следчы міліцыі Укмергскага раёна Літоўскай ССР Леў Ляшчычын, якога абвінавачваюць у тым, што ён выслаў у Томск сям’ю з Літвы, хоць і адмаўляе факт злачынства, але шкадуе аб сваім мінулым.

«Быў вельмі жорсткі час, я пакутую ад страшных успамінаў, я асуджаю сябе —
асуджаю, што быў такім нягоднікам», — сказаў у сераду ў Віленскім акруговым судзе 86-гадовы жыхар Трокаў Ляшчычын.

Пракурор у судзе сказаў, што Ляшчычын, дзеючы сумесна з нявызначанымі службоўцамі савецкіх рэпрэсіўных органаў і актывістамі камуністычнай партыі, у гады савецкай акупацыі высылаў жыхароў Літвы на тэрыторыю краіны, якая яе акупавала.

Высветлена, што 2–3 кастрычніка 1950 г. Ляшчычын, які працаваў следчым У Укмергскай міліцыі, выконваючы ўказанні начальства, даставіў сям’ю Пішчыкасаў да эшалону і выслаў іх у Томскую вобласць (Расія).
Гэта зафіксавана ў архіве — Ляшчычын падпісаў рапарт, у якім паказаў абставіны высылкі гэтай сям’і.

У дакументах пазначана, што гэта была сям’я заможных сялян.

Разам са Стасісам Пішчыкасам была высланая яго жонка Стэфанія (1913 г.н.) і малыя дзеці — 8-гадовая Генавайце, 13-гадовы Альфонсас, 7-гадовы Пятрас, 11-гадовы Казімірас, а таксама Дануце і Марыце, якім быў усяго год.

У Томскай вобласці яны жылі да 25 чэрвеня 1958 года,

Пішчыкас загінуў у высылцы (патануў з 12-цю іншымі дрывасекамі), ад прастуды памерла адна з двух двайнятак.

У справе чацвёра пацярпелых членаў сям’і, якія засталіся жывыя. Цяпер яны жывуць у Клайпедзе і ў Шылуцкім раёне.

Ляшчычын адмаўляе выстаўленыя яму абвінавачванні і сцвярджае, што не быў звязаны з высылкамі мірных жыхароў у Сібір. Ён сказаў, што не мог працаваць у КГБ, паколькі быў грамадзянінам іншай дзяржавы — нарадзіўся ў Польшчы, а ў Літву пераехаў толькі ў 14-гадовым веку. «Ніхто замежнікаў у КГБ не прымаў», — сказаў ён.

«Я з пацярпелымі не знаёмы, нідзе я не быў, цяпер нічога не магу сказаць — прачытаў іх паказанні, яны са мной не знаёмыя, я з імі не знаёмы, і ўсё», — сказаў Ляшчычын.

Ляшчычын не хаваў, што працаваў у міліцыі.

Ён не хаваў, што быў адным з нешматлікіх міліцыянтаў, якія валодалі польскай, літоўскай і расейскай мовамі, таму яго прасілі запаўняць розныя дакументы.

«У высылцы гэтай сям’і я не ўдзельнічаў, не ведаю, хто мог удзельнічаць, калі трэба было, я толькі запаўняў дакументы», — сказаў абвінавачаны.

«Я думаў, што я — чысты чалавек, але які ж я чысты, калі ў такім ўдзельнічаў», — сказаў ён, убачыўшы дакументы, запоўненыя сваёй рукой.

На пытанне, чаму ён напісаў рапарт аб высылцы Пішчыкасаў, ён адказаў:

«Напэўна, так трэба было. Тэкст мне прадыктавалі».

«У той час ніхто не казаў аб акупацыі Літвы, толькі ў 1990 годзе, калі Літва арганізавала аддзяленне ад СССР, мне распавялі, што краіна была акупаваная. Я проста тады жыў, але сумняюся, што вы ў гэта паверыце», — сказаў Ляшчычын.

Прадстаўнікі Літоўскага цэнтра генацыду жыхароў і супраціву Даля Балькіце ў судзе сказала, што

падчас высылак у 1951 годзе ў дом сям’і, якая падлягала высылцы, прыязджалі вайскоўцы і міліцыянты, а кіраўнік аператыўнай групы запаўняў допытны ліст, які і падпісваў: «Гэты ліст падпісаны Ляшчычыным, значыць, ён удзельнічаў, знаходзіўся ў гэтым доме».

Паводле яе слоў, у архіве ёсць рапарт, напісаны Ляшчычыным маёру Талыпіну. «У рапарце сказана, што загад выкананы, сям’ю забралі з дому і адвезлі да эшалону ў Ёнава», — сказала Балькіце, яна адзначыла, што кіраўнік аператыўнай групы не вырашаў, каго трэба везці, ён проста выконваў загад.

Пацярпелыя з-за старога веку і хвароб не змаглі прыехаць у суд, таму іх апыталі ў суддзі. Іх паказанні ў Віленскім акруговым судзе агучыла суддзя.

Адвакат Ляшчычына Стасіс Карвяліс сказаў, што яго кліент хворы, таму суд павінен разгледзець пытанне, ці можа ён адбыць рэальны тэрмін пакарання, калі яму такі прызначаць.

За высылку жыхароў Літвы належыць пакаранне ў выглядзе 5–15 гадоў пазбаўлення волі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?