У апошнія тыдні Беларусь робіць спробы вырвацца з амаль-ізаляцыі, у якой яна апынулася пасля выбараў 2010 года, што скончыліся пагромам апазіцыі, піша вядомы канадскі спецыяліст па Усходняй Еўропе, прафесар Універсітэта Альберта і кіраўнік Паўночнаамерыканскай асацыяцыі беларусістаў Дэвід Марплз у сваім новым артыкуле на сайце Worlds Politics Review.

«Замежная палітыка Беларусі абумоўліваецца як меркаваннямі бяспекі, якую краіна забяспечвае праз сувязі з Расіяй, так і эканамічнымі меркаваннямі — і тут яе першаснымі партнёрамі амаль у роўнай ступені былі Расія і Еўрасаюз. У ідэале для Лукашэнкі адносіны з Расіяй і ЕС павінны развівацца адначасова, каб у яго была большая свабода манеўру. Аднак тры апошнія гады такі падыход даваўся цяжкавата, бо ЕС дэманстраваў усё менш жадання развіваць стасункі з уладамі Мінска ў выпадку, калі не палепшае сітуацыя з правамі чалавека, дэмакратыяй і эканамічнымі рэформамі».

Гэта, у сваю чаргу, адстрашвае замежных інвестараў, якія не вераць магчымасць доўгатэрміновай супрацы з беларусамі.

«Краіна дасягнула высокага ўзроўню замежнай запазычанасці; яе золатавалютныя рэзеровы застаюцца малыя; Расія нацэліліся на беларускія прадпрыемствы і хоча мацней інтэграваць Беларусь як геастратэгічна, так і эканамічна».

Марплз метафарычна апісвае здольнасць Лукашэнкі заставацца пры ўладзе, захоўваючы «некаторыя вуліцы адкрытымі для руху і закрываючы рух на іншых вуліцах». Хваробы рэжыму ён называе «яшчэ не фатальнымі», а сённяшнюю мэту лукашэнкаўцаў ён бачыць у «пачатку новага дыялогу з ЕС ці з тымі часткамі ЕС, якія ахвотныя размаўляць». І Мінск у гэтым вельмі нават можа дасягнуць поспеху, завяршае свой аналіз Марплз.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?