Злева направа: аўтары даследавання Аляксей Пікулік, Алена Арцёменка і Дзяніс Мельянцоў.

Злева направа: аўтары даследавання Аляксей Пікулік, Алена Арцёменка і Дзяніс Мельянцоў.

70% жыхароў Беларусі дапускаюць магчымасць у той ці іншай ступені ахвяраваць незалежнасцю на карысць інтэграцыі з Расіяй, калі гэта будзе трэба для паляпшэння эканамічнага становішча.
Такія вынікі дало апытанне, праведзенае для Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). Аналітыкі параўноўвалі інтэграцыйныя прыхільнасці беларусаў па стане на 2013 год і аналагічныя звесткі за 2010 год. «Геапалітычныя перавагі беларусаў: занадта прагматычная нацыя?» — пад такім загалоўкам былі прэзентаваны вынікі.
Аднак лічба 70% насамрэч дэманструе дынаміку змяншэння колькасці прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй, бо ў 2010 годзе аналагічнае дапускалі 82% рэспандэнтаў.

Проці 2010 года з 30% да 23% скарацілася колькасць ахвотных жыць у саюзе з Расіяй. У той самы час, гэта трохі больш, чым у 2011 годзе. Тады такіх было толькі 19%.

«Такія ваганні стаўлення да Расіі звязаныя з нестабільнымі адносінамі Расіі і Беларусі, бояззю прыватызацыі беларускіх актываў расійскім капіталам, эканамічным крызісам і рэакцыяй на яго ў выглядзе высоўвання Расіяй эканамічных патрабаванняў», — пракаментаваў лічбы даследчык BISS Дзяніс Мельянцоў.

Гаворачы пра форму інтэграцыі з РФ, 21,4% выступаюць ўсяго толькі за зону свабоднага гандлю (такога дабіваецца, напрыклад, Украіна), 13,2% — за адзіную эканамічную прастору без палітычнага аб’яднання, 4,4% — за аб’яднанне эканомікі, замежнай палітыкі і войска і толькі 2,7% выступаюць за ўступленне Беларусі ў склад Расіі ў якасці аўтаноміі.

За тры гады на 10,5% — з 20,4% да 30,9% — вырасла колькасць тых людзей, якія аддаюць перавагу поўнай незалежнасці Беларусі супраць інтэграцыі з Расіяй ці Еўрасаюзам. «Такая пазіцыя зусім не выключае падтрымкі існуючага сёння палітычнага ладу», — заўважыў акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік.

Колькасць прыхільнікаў далучэння да Еўрасаюза як апытамальнага выбару не змянілася ў параўнанні з 2010 годам і засталася на ўзроўні ў 17%.
Гэта значыць, разам прыхільнікі незалежнасці і інтэграцыі з ЕС складаюць 48% ад усяго насельніцтва.
Калі б рэферэндум па далучэнні да ЕС «адбыўся заўтра», «за» далучэнне прагаласавала б 38,2%, «супраць» — 30,5%.

Аднак нягледзячы павелічэнне прагі да незалежнасці і сімпатый да Еўропы, большасць беларусаў усё яшчэ схіляюцца ў бок Расіі. «Безумоўна ў саюзе з Расіяй» Беларусь жадаюць бачыць 10,4% жыхароў супраць 7,4% прыхільнікаў безумоўнага ўступлення ў ЕС.

«Хутчэй саюзу з Расіяй» аддалі перавагу 35,7%, «хутчэй за саюз з ЕС» выступаюць на 15% менш.

Галоўны ж вынік даследвання вынесены ў яго назву: амаль 73% беларусаў лічаць, што трэба выбіраць той саюз, які палепшыць эканамічнае становішча краіны. Наступная па велічыні група — 10,7% — галоўным фактарам аб’яднання лічыць умацаванне бяспекі, па 7,3% выбралі варыянты «будзе спрыяць умацаванню незалежнасці» і «будзе спрыяць умацаванню дэмакратыі».

«Еўрасаюз можа зрабіць добрыя высновы з гэтага», — падкрэсліў Мельянцоў. «ЕС заўсёды падаваў сябе з каштоўнаснай перспектывы, а рэклама эканамічных аспектаў можа быць больш плённай».

Беларускія ўлады трымаюць грамадства ў стане інфармацыйнай ізаляцыі адносна еўрапейскіх ініцыятываў. Пра інтэграцыю з Расіяй гаворыцца штодзень, існуюць нават спецыяльныя тэле-, радыёканалы і газеты для яе папулярызацыі. У той жа час пра «Усходняе партнёрства» не ведаюць 86,2% беларусаў — з 2010 пра праграму «забыліся» цэлых 8%.

Пра «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі» не ведаюць 95% насельніцтва, хоць гэтай ініцыятыве ўжо споўніўся год. Прычынай санкцый ЕС супраць лукашэнкаўцаў 40% называе «правядзенне Беларуссю незалежнай палітыкі», і толькі 36% — парушэнне правоў чалавека.

Існуе і вялікая розніца ў ацэнцы адносін з Расіяй і Еўрасаюзам. «Хутчэй добрымі» адносіны Беларусі і Расіі лічаць 47% рэспандэнтаў. Адпаведная лічба для ЕС ў разы меншая — 12,8%. «Хутчэй дрэннымі» адносіны Беларусь-ЕС бачацца 31%. І ў гэтым грамадская думка не памыляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?