Сёння альтэрнатывы беларускім нафтапрадуктам ва ўкраінцаў няма, заявіў пасол Беларусі ў Кіеве Валянцін Вялічка 25 сакавіка на сустрэчы з мінскімі прадпрымальнікамі ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.

«Сверб увесь час ідзе ва Украіне, што вось беларусы, маўляў, запаланілі ўкраінскі рынак нафтапрадуктаў.

Так, там сітуацыя вельмі складаная: 80% рынку складае імпарт, з якога 40% — беларускі. Але сёння альтэрнатывы няма — свае прадпрыемствы не працуюць», — заявіў Вялічка.

Ён нагадаў, што нафтапрадукты ва Украіну пастаўляюць таксама Польшча, Літва, Румынія і Расія, спрабуе выйсці на ўкраінскі рынак Казахстан.

«Раней мытня магла арыштаваць любую партыю, зараз мытню падпарадкоўваюць падатковай, памежнікаў — МУС, таму ў гэтым плане будзе складана. Хаця беларускі брэнд працуе», — сказаў Вялічка.

Устанавіць пошліну ў памеры 180,84 долара за тону ў якасці пяцігадовай абмежавальнай меры імпарту беларускіх нафтапрадуктаў прапаноўваюць аўтары скаргі аб распачынанні і правядзенні антысубсідыярнага расследавання імпарту ва Украіну асобных прадуктаў нафтаперапрацоўкі (маторных бензінаў і іншых лёгкіх дыстылятаў, дызельнага паліва) з Беларусі. Яны сцвярджаюць, што беларускія НПЗ дзякуючы субсідаванню з боку дзяржавы павялічваюць выпуск нафтапрадуктаў і экспарт паліва ва Украіну, што вымушае ўкраінскія НПЗ працаваць у няроўных умовах. Скарга падрыхтавана ў апараце віцэ-прэм’ера Украіны Юрыя Бойкі.

Эксперты лічаць, што памер пошліны паставіць крыж на беларускіх пастаўках у гэтым сегменце рынку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?