Цікава, што Камітэт дзяржаўнага кантролю выставіў «Камертону» прэтэнзіі яшчэ ў 2010 годзе. Паводле дадзеных КДК, заводу з 2005 па 2009 г. была аказаная дзяржпадтрымка ў памеры 20,8 млрд рублёў, аднак прадпрыемства практычна не выканала ўмоваў атрымання гэтай дапамогі. Акрамя таго, паводле звестак кантралёраў, на заводзе без пацверджання панесеных выдаткаў у бухгалтарскія дакументы ўносіліся недакладныя звесткі пра кошт крамянёвых пласцін, што прывяло да яго завышэння амаль на 800 мільёнаў рублёў. КДК таксама высветліў, што на 125 мільёнаў рублёў былі завышаныя фактычныя выдаткі па распрацоўцы і ўкараненні ў серыйную вытворчасць тэхналагічнага працэсу вырабу пласцін монакрышталічнага крэмнію па патрабаваннях субмікроннай тэхналогіі.

У выніку праверкі КДК высветлілася і тое, што ў 2007 годзе «Камертон» з прыцягненнем валютнага крэдыту амаль на паўмільёна еўра набыў у Чэхіі кагенерацыйную газаматорную ўстаноўку, а ў 2008 годзе выдаткаваў 111 млн бюджэтных сродкаў на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па ўводзе яе ў эксплуатацыю. Аднак амаль праз два гады мантаж набытага абсталявання так і не пачаўся. Па выніках праверкі Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК была распачатая крымінальная справа, аднак да гэтага часу невядома, чым яна завяршылася. Дырэктара моцна паўшчувалі за здзейсненае, і ён спакойна сышоў працаваць дырэктарам на іншае дзяржпрадпрыемства. Але праз тры гады пасля тых падзей справамі былога дырэктара «Камертона» зацікавілася УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Паводле дадзеных праваахоўных органаў, былы дырэктар прадпрыемства ў ходзе асваення бюджэтных сродкаў, выдзеленых з інавацыйнага фонду Міністэрства прамысловасці на рэалізацыю праекта па мадэрнізацыі вытворчасці, перавысіўшы службовыя паўнамоцтвы, нанёс заводу шкоду ў памеры больш за 132 млн рублёў. Па дадзеным факце ў дачыненні да былога кіраўніка дзяржпрадпрыемствы заведзеная крымінальная справа па ч.3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Беларусі (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненыя асобай, якая займае адказнае становішча, альбо якія пацягнулі цяжкія наступствы). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі. Матэрыялы справы для арганізацыі папярэдняга расследавання перададзеныя ў Следчы камітэт. Вядзецца следства.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?