Старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка ацэньвае імавернасць паўтарэння крызісу ў беларускай эканоміцы як 50×50.

«Цяпер я ацэньваю шанцы (на паўтор крызісу) як 50×50. Калі б мне гэтае пытанне задалі ў студзені, то я б адказаў: 70×30 на карысць разумнага сцэнара», —
сказаў Бабарыка.

Пры гэтым банкір падкрэсліў, што дадзенае яго выказванне — «гэта цвярозы аналіз, не панікёрства».

Бабарыка растлумачыў, што яго асцярогі народжаныя рыторыкай беларускіх уладаў аб неабходнасці стымулявання эканомікі, у тым ліку за кошт зніжэння працэнтных ставак.

«У апошні час разгарнулася дыскусія і ў прэсе, і паміж рэгулятарамі, і на самым высокім узроўні: ці не час нам стымуляваць развіццё, у тым ліку зніжаючы працэнтныя стаўкі, ці не час нам зноў «адабраць і падзяліць».

«Я даю вельмі асцярожны прагноз.

Калі пераможа рацыянальнае звяно (ва ўладных структурах), гэта значыць меры па стымуляванні будуць жорстка прывязаныя да мэтаў эфектыўнасці, то адносная стабільнасць захаваецца.
Калі гэтая тэндэнцыя (змякчэнне макраэканамічнай палітыкі) будзе ўзмацняцца, калі зноў возьмуць верх тэндэнцыі 2010–2011 года з аднаўленнем прынцыпу, што танныя грошы павінны стаць інструментам развіцця, то нічога добрага ў гэтым няма», — сказаў Бабарыка.

Пры гэтым ён ахарактарызаваў бягучую сітуацыю з пункту гледжання перспектыў захавання стабільнасці, як «вельмі трывожную».

«Самыя трывожныя словы — „вось зноў будзе шчасце“, гэтыя словы зноў пачынаюць пераважаць», —
растлумачыў банкір. У той жа час ён падкрэсліў, што «ў канкрэтных рашэннях пакуль адхіленняў, якія насцярожваюць, няма».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?