Правілы прафесійнай этыкі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, зацверджаныя 4 сакавіка 2013 года загадам МУС № 67, не рэкамендуюць міліцыянерам: адрошчваць бароды, бакенбарды, упрыгожваць свае працоўныя кабінеты прадметамі раскошы, трымаць на стале сталовыя прыборы і кубкі, а ў грамадскім транспарце займаць месцы для сядзення. Міліцэйскае ж начальства не мае маральнага права перакладваць сваю адказнасць на падначаленых і прымяняць у дачыненні да іх рукапрыкладства.
Думкі аб працы міліцыі і свае пажаданні супрацоўнікам правапарадку выказалі жыхары Мінска, адказваючы на пытанне: «А што б вы забаранілі супрацоўнікам міліцыі?»
«Зневажаць невінаватых. Занадта шмат у іх улады».
«Наадварот — дазволіць добра ставіцца да грамадзян».
«Не аднойчы бачыла, як супрацоўнікі міліцыі кідаюць на зямлю недакуркі, нецэнзурна лаюцца. За такое я б іх гнала з міліцыі. Міліцыянер — гэта ж твар нашай краіны».
«Перш за ўсё трэба сказаць дзякуй, што яны ёсць. А калі міліцыянеры штосьці не тое робяць, дык вінаватыя не яны, а той, хто імі кіруе».
«Параіў бы быць больш простымі».
«Яны абавязкова павінны ведаць англійскую мову, у Беларусь ж шмат іншаземцаў».
«Перш за ўсё, у органы трэба прымаць культурных і вартых людзей, а не проста з вуліцы».
«Я з Масквы. У вас такія добрыя міліцыянеры, што нічога не хочацца ім забараняць».





