Тыдзень таму, 15 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам наведаў Маскву.
Усе дзяржаўныя беларускія СМІ абмежаваліся кароткімі, амаль што тэлеграфнымі паведамленнямі, аб тым, што «А. Р. Лукашэнка ўзяў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы», ды некаторыя працытавалі ўрыўкі з прэзідэнцкага інтэрв’ю тэлеканалу «Russiа Today». Узгадалі ўручаны Пуціну ордэн Дружбы народаў.
Што датычыць расейскіх журналістаў, то іх рэакцыя была зусім не такой сціплай. Большасць з іх выразілася даволі катэгарычна: колькі можна карміць крэдытамі Беларусь?

Усе ведалі, што Лукашэнка будзе прасіць у Пуціна грошай «на правядзенне мадэрнізацыі». Агучвалася сума 2 мільярды даляраў. Аднак, гэтых грошай беларускі прэзідэнт так і не атрымаў. Паводле адных звестак, таму што афіцыйны Мінск не выконваў умоваў ранейшых крэдытаў, паводле другіх, таму што не было прадстаўлена дэтальнага плана славутай мадэрнізацыі.

Але на пабудову АЭС Беларусі усё ж такі перадаюць USD 10 мільярдаў. Дык чаму ж было не даць яшчэ два, не такая ж вялікая сума, як бачым?

Таму што, напрыклад, Беларусь працівіцца прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, на якой настойвае Масква. Трэба ўдакладніць, што гэтая прыватызацыя была абяцана расейцам самім Лукашэнкам. Акрамя таго, «мадэрнізацыя», пра якую ў Беларусі сталі столькі гаварыць, выклікае шэраг розных думак.

Справа ў тым, што яшчэ ў сакавіку мінулага года ЕС запусціла ініцыятыву пад назвай «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю». Лукашэнка ж абвясціў аб будучым «прарыве краіны ў элітны клуб высокаразвітых дзяржаў» толькі ў кастрычніку.
Існуе меркаванне, што беларускі прэзідэнт быў вымушаны звярнуцца да пытання мадэрнізацыі прадпрыемстваў, каб паказаць сваю незалежнасць і перахапіць ініцыятыву ў еўрапейцаў, а мадэрнізацыя будзе праводзіцца ў тыповым для беларускага прэзідэнта стылі «зрабі, альбо пасаджу». Гэта значыць, яе асноўнай мэтай становяцца не рэальныя вынікі, а палітычны капітал ад працэсу яе парвядзення. «Тур» Аляксандра Лукашэнкі па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах паказаў, што як і заўсёды, прэзідэнт аддае перавагу не дыялогам з кіраўнікамі, а вясёлай гульні ў цара-бацюхну.
Толькі на мадэрнізацыю прадпрыемства «Гродна-Азот» плануецца выдаткаваць каля мільярда даляраў, прыкладна столькі ж — прыцягнуць да мадэрнізацыі «Нафтана».
Акрамя гэтага, на базе «Беларуськалія» запланавана пабудова завода па вытворчасці камбінаваных угнаенняў, а ў 2014-м — камбіната па перапрацоўцы сыравіны, якая змяшчае хлор. Гэта не ўсё — яшчэ запланавана больш за 10 буйных праектаў па мадэрнізацыі вытворчасцей у галіне лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Узнікае пытанне — ці хопіць грошай на ўсе гэтыя задумкі? Альбо мадэрнізацыя будзе праводзіцца паказальна для Еўропы (што аўтаматычна выключае сувязь дзяржаўных планаў з рэальнасьцю)?
Ёсць яшчэ некалькі несуцяшальных фактаў аб так любай прэзідэнту мадэрнізацыі.
Міністр эканомікі Снапкоў паведаміў, што калі фінансаванне мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў будзе ажыццяўляцца за кошт звязаных крэдытаў пад гарантыі ўрада, то суадносіны замежнага дзяржаўнага доўгу да ВУП наблізяцца да парогавага значэння бяспекі, што, канечне ж, не можа не насцярожваць краіну, якая толькі-толькі перажыла фінансавы крызіс. Той жа Снапкоў папярэдзіў, што выправіць небяспечную сітуацыю можна будзе за кошт зніжэння золатавалютных рэзерваў альбо з дапамогай дэвальвацыі. Аднак Лукашэнка адрэагаваў на гэта ў сваім стылі — назваўшы фінансавых экспертаў ідыётамі.
Да таго ж, не ўсе памятаюць, што мільярд даляраў крэдыту быў пазычаны ў кітайцаў зусім нядаўна — пры канцы снежня.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што гэты крэдыт быў незвязаным і льготным, але ж гэта крэдыт. Амаль 3,5 мільярда Беларусь павінна вярнуць Міжнароднаму валютнаму фонду, і цяпер спрабуе атрымаць новы крэдыт — у таго ж МВФ — для рэфінансавання даўгавых абавязацельстваў па папярэднім.
Лагічнае пытанне — ці вытрывае нашая эканоміка? Але ў каго спытацца? Кожны не ўпэўнены ў афіцыйнай эканамічнай палітыцы адразу аб’яўляецца ці ідыётам ці «пятай калонай».
Але ж як тут не задумацца, калі ў дзяржаве, якая відавочна знаходзіцца не ў найлепшым эканамічным становішчы, усё яшчэ будуюць Палацы спорту і збіраюцца заняцца Антарктыдай.

Дарэчы, у тым, што датычыцца антарктычнай станцыі, Расея акажа Беларусі толькі кансультацыйныя паслугі, а фінансаваць будаўніцтва станцыі Беларусь будзе самастойна.

Такія справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?