Следчым камітэтам распачата крымінальная справа ў дачыненні да 16-гадовай вучаніцы 11-га класа адной са школ Лепеля (Віцебская вобласць). Паводле праваахоўных органаў, школьніца раніцай 16 лютага нарадзіла дома дзяўчынку, якую адразу ж і задушыла.
Паводле папярэдняй інфармацыі, дзяўчынка нарадзілася даношанай і цалкам здаровай, але маці падчас родаў страціла шмат крыві і яе на хуткай даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы Лепеля.
Дакладна аб матывах учынку школьніцы пакуль нічога не вядома,але Следчым камітэтам у дачыненні да дзяўчыны заведзена крымінальная справа па арт. 140 Крымінальнага кодэкса Беларусі (забойства маці свайго дзіцяці падчас родаў або непасрэдна пасля іх, здзейсненае ва ўмовах псіхатраўмуючай сітуацыі, выкліканай родамі).
Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення або абмежаванне волі, што выклікала неаднаразовыя нараканні грамадства сваёй мяккасцю і адсутнасцю ніжэйшай мяжы. Па сутнасці, маці-забойца можа быць пакарана і некалькімі месяцамі абмежавання волі, калі, напрыклад, будзе даказана, што падчас родаў яна не разумела свае дзеянні.