Пакуль беларускія ўлады не могуць вызначыцца, ці забаранялі яны кагосьці айчынных з музыкаў, некаторыя з іх прапануюць сваёй публіцы заняцца «гастрольнай» дзейнасцю.
У выніку, жадаючыя адарвацца пад «Ляпіс Трубецкой» электрычкамі дабіраюцца ў касмічныя далячыні, а гурт Лявона Вольскага «Крамбамбуля» прапануе больш прывабныя варыянты, ад якіх амаль немагчыма адмовіцца. Ужо ў другі раз да білета на віленскі канцэрт каманды прыкладаецца бясплатная віза. У выніку, заслужаныя мінскія аншлагі «Крамбамбулі» паслухмяна перакочваюць мяжу і апынаюцца ў сталіцы суседняй дзяржавы.

У красавіку мінулага года «Крамбамбуля» прэзентавала ў віленскім клубе «Лофт» свой апошні альбом «Драбадзі-драбада» пасля таго, як высветлілася, што зрабіць гэта на радзіме немагчыма. Гэтым разам маштаб пабуйнеў і выступ гурта ў межах фэсту «Размарозка», арганізаваным літоўскай кампаніяй «Pasaulis Nuostabus» і агенцтвам «Шабли», адбываўся на больш прасторнай пляцоўцы Forum Palace. На наступны дзень у межах фестывалю адбыўся канцэрт з удзелам літоўскага музыкі Саўлюс Петрэйкіса і мінскага інстументальнага трыа Port Mone.

Музыкі з’явіліся на сцэне ў вельмі экстравагантным выглядзе: у галіфэ, прычым, штаны вядомага беларускага джазавага музыкі Паўла Аракеляна, які апошнім часам вельмі шчыльна супрацоўнічае з «Крамбамбуляй», былі аздобленыя бела-чырвона-белай стужкай у якасці лампасаў.

У такім выглядзе гурт адыграў трохгадзінны канцэрт з антрактам, першае аддзяленне якога складаецца са старых хітоў пра старых хіпаноў і турыстаў, для якіх усё прыемна і карысна, а у другім гучыць пераважна новы альбом «Драбадзі-драбада».
Над імпрэзай лунае дух свята непаслушэнства.
Нібыта, выбраўшыся з-пад строгага «бацькоўскага» нагляду, гурт упрыгожвае клуб бела-чырвона-белымі сцягамі і амаль кожную песню перамяжоўваюць скандаваннем «Жыве Беларусь» разам з залай, а Лявон Вольскі сам запрашае прыхільнікаў патанчыць на сцэне і «сустрэцца на барыкадах». Ад сузірання такой карціны прыстойныя сямейныя пары з футравымі каўнярамі, якія прыехалі наведаць Вільню як беларускую шопінг-меку і зазірнулі адзначыцца на канцэрт спалоханыя інфармацыяй пра тое, што тым, хто скарыстаўся візавай падтрымкай канцэрта ў немузычных мэтах, віз больш не атрымаць, дранцвеюць і нервова адступаюць да выхаду.
Завяршаецца канцэрт выкананнем «баевікоў» гурта N.R.M., якія прымушаюць ашалела ірвануць назад у залу тых, хто не разлічваў даслухаць «Крамбамбулю» да канца і падцягнуўся да гардэроба.
Пасля харавога выканання «Партызнаскай» «Трох чарапах» і «Паветранага шара» публіка ўсё ж пакідае залу каб праехаць сотні кіламетраў да Беларусі, дзе чакаць выступаў «Крамбамбулі» пакуль не даводзіцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?