Сёлета Пятру Міронавічу Машэраву — аднаму з самых вядомых першых сакратароў ЦК КПБ — споўнілася б 95 гадоў. Здавалася б, з часу яго смерці прайшло больш за тры дзесяцігоддзі, але яго асоба па-ранейшаму знаходзіцца ў цэнтры ўвагі грамадскасці.
Прычым ацэнкі часцей за ўсё палярныя. Ад вобраза інтэлігента ва ўладзе, які клапаціўся пра нацыянальную культуру — да вобраза савецкага чыноўніка, пры якім гэтую культуру мэтанакіравана перароблівалі на савецкі капыл. Як і вакол кожнай гістарычнай асобы, вакол Машэрава існуе багата міфаў. Паспрабуем развеяць пяць з іх.

Міф № 1. Дзякуючы сваёй папулярнасці Машэраў так доўга знаходзіўся ва ўладзе

Папулярнасць Пятра Міронавіча сярод простых беларусаў — з’ява бясспрэчная. Сапраўды, Машэраў быў, бадай, адзіным кіраўніком Беларусі савецкага перыяду, які змог ператварыцца з чыноўніка ў паўнавартаснага публічнага палітыка.
Герой Савецкага Саюза (прычым зорка атрыманая за ўдзел у змаганні з ворагам, а не да юбілею). Абаяльны, харызматычны, дастаткова публічны (зразумела, у меру дазволенага), ён шмат у чым здаваўся поўнай супрацьлегласцю сваім калегам. Дастаткова паглядзець на афіцыйныя фотаздымкі К. Мазурава, А. Грамыка, М. Слюнькова. З іх глядзяць абсалютна закрытыя людзі.

Але ці варта звязваць адметныя якасці Машэрава з надзвычай працяглым (больш за 15 гадоў) перыядам яго кіравання? Для брэжнеўскіх часоў была характэрная кадравая стабільнасць.

Калі чыноўнік не з’яўляўся праціўнікам Леаніда Ільіча і прызнаваў яго першынства, дык мог заставацца на ўласнай пасадзе дзесяцігоддзямі (нават пасля смерці правадыра). Напрыклад, у адзін з Машэравым час савецкія рэспублікі ўзначальвалі Г. Аліеў (1969–1982, Азербайджан), П. Грышкявічус (1974–1987), Д. Кунаеў (1964–1986, Казахстан), У. Шчарбіцкі (1972–1989, Украіна) і іншыя. Таму ў значнай ступені Машэраву пашанцавала. Калі б ён зрабіўся лідарам у іншы, не такі спрыяльны час, дык наўрад ці затрымаўся на сваёй пасадзе. І ніякая папулярнасць яму б не дапамагла.

Міф № 2. Машэраву зайздросцілі маскоўскія чыноўнікі, таму яго не пускалі ў Палітбюро

Афіцыйна ў СССР уся ўлада належала народу, які абіраў Вярхоўны Савет. Адпаведна, афіцыйным кіраўніком дзяржавы мусіў лічыцца Старшыня Прэзідыума гэтага органа ўлады. Але ў рэальнасці апошні не адыгрываў ніякай ролі (згадаем «усесаюзнага старасту» Міхаіла Калініна, які не змог абараніць ад сталінскіх рэпрэсій нават уласную жонку). Уся ўлада канцэнтравалася ў Палітбюро — галоўным партыйным органе, які ўзначальваў генеральны сакратар.

Але вось несправядлівасць: у 1966-м, неўзабаве пасля свайго прызначэння кіраўніком Беларусі, Машэраў зрабіўся кандыдатам у члены Палітбюро… і заставаўся ў гэтым статусе да самай смерці. За гэты час у Палітбюро былі выбраныя 12 чалавек, частку з якіх цяпер ведаюць толькі гісторыкі і палітолагі. Чым жа тлумачыцца такое ігнараванне асобы Пятра Міронавіча? Няўжо «крамлёўскай змовай»?

У рэальнасці ўсё куды прасцей. З сярэдзіны 1950-х гадоў сярод кандыдатаў у члены Палітбюро фактычна было зарэзерваванае месца для першых сакратароў Камуністычнай партыі Беларусі.
Гэтую пасаду займалі усе лідары БССР, пачынаючы з Мазурава. І Машэраў не быў выключэннем. Калі казаць цынічна, кандыдатам у члены Палітбюро лічыўся не чалавек, а яго пасада. То бок не Пятро Машэраў, а першы сакратар ЦК КПБ.

Міф № 3. Пры Машэраве Беларусь жыла добра і заможна, «застою» ў нас не было

У памяці большасці савецкіх людзей час Машэрава застаўся «залатым векам», калі жыццё было стабільным і заможным. Ці адпавядае гэта рэчаіснасці?

На маю думку, у грамадскай свядомасці паядналіся розныя ўяўленні пра мінулае. Падчас эканамічнага крызісу пачатку 1990-х жыццё ў СССР успаміналася як эпоха трываласці і дабрабыту. А калі ўжо вобраз Машэрава замацаваўся ў грамадскай свядомасці (яго спадкаемцы не затрымліваліся на сваіх пасадах), дасягнутыя эканамічныя і культурныя поспехі пачалі звязвацца менавіта з Пятром Міронавічам.
Але пры бліжэйшым разглядзе сітуацыя выглядае не такой адназначнай.
Поспехі БССР былі не ў апошнюю чаргу звязаныя з правядзеннем агульнасавецкай касыгінскай рэформы, якая, у прыватнасці, прадугледжвала пашырэнне эканамічных метадаў упраўлення замест планавых. Прыход Машэрава ў 1965-м супаў з яе пачаткам. Пераўтварэнні былі хутка згорнутыя, але далі імпульс, на якім эканоміка пратрымалася ажно дзесяцігоддзе. Потым пакрысе пачаў надыходзіць крызіс і эпоха «застою».

Цікавыя звесткі сустракаюцца ва ўспамінах Мікалая Дземянцея (папярэднік С.Шушкевіча на пасадзе спікера Вярхоўнага Савета, за год да смерці Машэрава ён зрабіўся сакратаром ЦК КПБ па сельскай гаспадарцы).

Паводле яго звестак, у 1980 годзе з 2.698 гаспадарак рэспублікі закончылі год з прыбыткам 1.225, а са стратамі — 1.473 (больш за палову)! Прычым трэба ўлічваць, што мы маем справу з афіцыйнай савецкай статыстыкай. То бок рэальнасць магла выглядаць яшчэ горшай. Між тым пасля заканчэння вайны прайшло тры з паловай дзесяцігоддзі…

Міф № 4. Машэраў мог увайсці ў кіраўніцтва СССР, а ў перспектыве і ўзначаліць краіну

У адным з інтэрв’ю Наталля Машэрава заявіла, што яе бацька неўзабаве мусіў узначаліць Савет Міністраў СССР: «Отец не дожил до Пленума ЦК КПСС меньше двух недель. Всё было решено. Он шёл на место Косыгина».
Ці адпавядае гэта праўдзе? Перш за ўсё, месца прэм’ера фактычна ўжо было занятае. Пасля хваробы А. Касыгіна гэтыя функцыі выконваў яго першы намеснік М. Ціханаў (прадстаўнік «днепрапятроўскага клана» Л. Брэжнева), які пасля і ўзначаліў Саўмін.

Акрамя таго, беларус паводле нацыянальнасці не меў асаблівых шансаў на такі кар’еры рост. Нягледзячы на тое, што СССР быў шматнацыянальнай краінай, баль у цэнтральным кіраўніцтве правілі рускія і ўкраінцы. Прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў былі адзіночкамі, якія прабіліся «наверх» дзякуючы ўласным заслугам. З беларусаў гэта члены Палітбюро К. Мазураў і А. Грамыка, галоўны рэдактар газеты «Праўда» М. Зімянін, загадчык аддзела культуры ЦК В. Шаўра і некалькі іншых. У Маскве не існавала, скажам так, беларускага нацыянальнага клана. Таму вылучэнцы з нашай рэспублікі маглі разлічваць толькі на сваю працаздольнасць і падтрымку Генеральнага сакратара. Як толькі яны гублялі яе, дык адпраўляліся на пенсію. Улічваючы, што ў апошнія гады жыцця ў Машэрава былі нацягнутыя адносіны з Брэжневым, версія Наталлі Пятроўны выглядае толькі версіяй.

Міф № 5. Машэрава забілі

Пасля аўтамабільнай катастрофы, што адбылася на трасе Брэст-Масква (у машэраўскую «чайку» ўрэзаўся грузавік), па краіне папаўзлі чуткі, што гэта быў не няшчасны выпадак, а забойства. Дадатковым аргументам сталася пазіцыя саюзнага кіраўніцтва. Палітбюро ў поўным складзе праігнаравала пахаванне. Замест іх у Мінск прыехала некалькі палітычных фігур другога плану.

Размовы і чуткі пра наўмыснае забойства грунтуюцца на двух момантах. Па-першае, палітычныя гульні, якія папярэднічалі аўтакатастрофе. Па-другое, яе непасрэдныя абставіны.

Пераканацца ў штучнасці першых дастаткова проста. Калі Пётр Міронавіч не меў асаблівых шансаў на пераезд у Маскву і не мог скласці канкурэнцыю савецкім лідарам, дык якія матывы меліся для забойства?
Калі б яго дзейнасць перастала задавальняць вярхоўнае кіраўніцтва краіны, беларускага сакратара можна было або перавесці на прадстаўнічую, але малазначную пасаду (напрыклад, у Вярхоўны Савет), або проста адправіць на пенсію. Тым больш, што Машэраву ўжо споўнілася 60 гадоў.

Разабрацца ў абставінах аварыі нам дапамогуць успаміны беларуса Эдуарда Нордмана, генерала КДБ. Партызанскі камандзір часоў Другой сусветнай, ён узначальваў стаўрапольскае ўпраўленне КДБ (калі кіраўніком краю быў малады М. Гарбачоў), пазней — КДБ Узбекістана. Дык вось, гэты дасведчаны чалавек згадваў пра сваю размову з Машэравым, якая адбылася за год да смерці Пятра Міронавіча. Нордман заўважыў, што машына суправаджэння, якая ў выпадку неабходнасці павінна прымаць удар іншага транспартнага сродку, ідзе на 500–600 метраў наперадзе, а не прыкрывае машыну Машэрава. На што той адказаў, што не любіць даўгіх картэжаў. Калі б у 1980-м машына суправаджэння ішла перад «чайкай» Машэрава, яна б і прыняла на сябе ўдар грузавіка. Таму хутчэй за ўсё Пятро Міронавіч зрабіўся ахвярай трагічнага збегу абставінаў.

***

Калі аналізуеш міфы, складваецца ўражанне, што ў іх, магчыма, выяўляюцца пэўных псіхалагічныя комплексы нацыі, якая знаходзілася ў СССР на другіх ролях. Цяпер яна імкнецца даказаць сваю значнасць праз вобраз Машэрава. Маўляў, мы былі найлепшымі, але нам перашкодзілі абставіны.

Будзе, бадай, несправядлівым не выказаць сваё ўласнае стаўленне да асобы Машэрава. Яго найбольш характарызуе выраз «сацыялізм з чалавечым тварам», які прамовіў 45 гадоў таму Аляксандр Дубчак, лідар Пражскай вясны. Машэраў быў класічным савецкім дзеячам. Абодва паняцці ў ім непарыўныя. Таму кожны мусіць вырашыць: або прымаць іх разам, або вылучыць нешта прыярытэтнае — «чалавечы твар» ці «сацыялізм».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?