Сёння апошні дзень, калі грамадзяне Беларусі, якія з’яўляюцца падатковымі рэзідэнтамі рэспублікі, могуць прадставіць падатковыя дэкларацыі аб даходах, атрыманых у 2012 годзе.
Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах.

У МПЗ падрабязна расказалі, хто павінен прадстаўляць дэкларацыі аб даходах.

Падаткаабкладанню падлягаюць даходы, атрыманыя ад іншых фізічных асоб. Размова ідзе аб даходах ад продажу на працягу 5 гадоў другой кватэры, другога жылога дома, другога гаража, другога зямельнага ўчастка, другога садовага доміка, другой дачы. Таксама гэта датычыцца даходаў ад продажу нерухомай маёмасці, не пералічанай вышэй. Падаваць дэкларацыю аб даходах трэба і фізічным асобам, якія прадалі на працягу каляндарнага года грузавы аўтамабіль, аўтобус, другую легкавую машыну, а таксама калі былі даходы ад рэалізацыі каштоўных папер, маёмасных правоў, долей, паёў у арганізацыях у выпадках, устаноўленых падатковым заканадаўствам.

Падаткаабкладанню падлягаюць і даходы, атрыманыя за мяжой і (або) з-за мяжы Беларусі.

Падаюць дэкларацыю аб даходах фізічныя асобы, атрымаўшыя даходы ад грамадзян, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у выглядзе дарэння і (або) у выглядзе нерухомай маёмасці па дагаворах рэнты бясплатна пры ўмове, што такія даходы ў агульнай суме за год перавысілі Br26,5 млн. Сюды ўключаюцца і даходы, атрыманыя інвалідамі, непаўналетнімі дзецьмі — сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, у выглядзе бязвыплатнай (спонсарскай дапамогі) ад беларускіх арганізацый і грамадзян Беларусі пры ўмове, што такія даходы ў агульнай суме за год перавысілі Br53 млн.

Дэкларуюцца даходы, атрыманыя ад здачы ў арэнду (субарэнду), наём (паднаём) грамадзянам,

якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, жылых і (або) нежылых памяшканняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі, пры ўмове, што такія даходы ў агульнай суме за год перавысілі Br26,5 млн. Гэта датычыцца і даходаў, калі грамадзяніну вярнулі ўзносы пры спыненні будаўніцтва кватэр або індывідуальных жылых дамоў або ў выпадку патаннення будаўніцтва. Або калі ён выбыў з членаў арганізацый забудоўшчыкаў да завяршэння будаўніцтва.

Даходы ў выглядзе вяртання страхавых узносаў пры скасаванні да заканчэння трохгадовага перыяду дагавораў добраахвотнага страхавання, калі прымяняўся сацыяльны падатковы вылік, таксама дэкларуюцца.

У МПЗ растлумачылі, хто з’яўляецца падатковымі рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь.

Імі прызнаюцца фізічныя асобы, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі ў каляндарным годзе больш як 183 дні. Фізічныя асобы, якія фактычна знаходзіліся за межамі тэрыторыі краіны 183 дні і больш у каляндарным годзе, не прызнаюцца падатковымі рэзідэнтамі.

У гэтым годзе не пазней за 1 сакавіка падатковую дэкларацыю абавязаны падаць грамадзяне, якія атрымалі ў 2012 годзе даходы ў выглядзе пазык, крэдытаў, пазык ад замежных арганізацый, якія не ажыццяўляюць дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва; замежных індывідуальных прадпрымальнікаў (прыватных натарыусаў); фізічных асоб, якія не належаць да пастаянна пражываючых у Беларусі.

Названыя даходы не падлягаюць дэклараванню, калі яны атрыманы і пагашаны (вернуты) на працягу 2012 года або калі яны атрыманы ад асоб, якія знаходзяцца з плацельшчыкам у адносінах блізкага сваяцтва.

Акрамя таго, падатковую дэкларацыю аб даходах, атрыманых у 2012 годзе, могуць падаць грамадзяне, якія маюць права на атрыманне падатковых вылікаў
(стандартных, сацыяльных, маёмасных, прафесійных), пры ўмове, што абавязак па прадастаўленню такіх вылікаў грамадзянам ускладзены на падатковыя органы.

Форма дэкларацыі размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах. Дэкларацыя можа быць прадстаўлена плацельшчыкам (iншай абавязанай асобай) у падатковы орган асабіста або праз прадстаўніка, накіравана па пошце або перададзена з дапамогай праграмных і тэхнічных сродкаў. Па пытаннях запаўнення падатковых дэкларацый і парадку прадстаўлення падатковых ільгот можна звярнуцца ў падатковы орган па месцы жыхарства.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?