Нацыянальны статыстычны камітэт намаляваў партрэт сучаснай жанчыны Беларусі: узрост — 42 гады, нацыянальнасць — беларуска, родная мова — беларуская, гутарковая мова — руская, месца жыхарства — аддае перавагу гарадской мясцовасці, адукацыя — вышэйшая або сярэдняя спецыяльная, замужам, становіцца маці ў 25 гадоў.
Аб гэтым паведаміла прэс-сакратар Белстата Вольга Клаўсуць.

На 1 студзеня 2013 года колькасць жанчын у краінесклала 5,1 млн. чалавек, або 54% агульнай колькасці насельніцтва. У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражываюць 76% жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 24% жанчын.

У сярэднім па краіне на 1 тыс. мужчын прыпадае 1152 жанчыны, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 1166 жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 1109 жанчын.

Сярод гарадскога насельніцтва колькасць мужчын перавышае колькасць жанчын ва ўзросце да 29 гадоў, сярод сельскага насельніцтва — да 57 гадоў.
Найперш гэта звязана з ад’ездам маладых жанчын з сельскай мясцовасці для прадаўжэння адукацыі і працаўладкавання, растлумачылі ў Белстаце. Другая прычына — больш высокі ўзровень смяротнасці мужчын, асабліва ў працаздольным узросце.
Найбольшая гендарная дыспрапорцыя назіраецца ва ўзроставых групах пажылога ўзросту.
Колькасць жанчын ва ўзросце 60–69 гадоў на 1 тыс. мужчын складае ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу 1475 чалавек, у сельскіх населеных пунктах — 1359 чалавек, а ва ўзросце 70 гадоў і старэйшых колькасць жанчын перавышае колькасць мужчын у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу ў 2,3 разу, у сельскіх населеных пунктах — у 2,5 разу.

Паводле ацэнкі ПРААН, «натуральнай» розніцай у чаканай працягласці жыцця мужчын і жанчын прынята лічыць 5 гадоў.

У Беларусі захоўваецца значная розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын, якая на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў перавышае больш як у два разы «натуральную» і складае 10–12 гадоў.

На пачатак 2012 года сярэдні ўзрост жанчын у Беларусі склаў 42 гады, у жыхарак вёскі — 47 гадоў, у гараджанак — 41 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?