Паводле Дзяржаўнага турыстычнага дэпартамента Літвы, у мінулым годзе ў гатэлях краіны спынілася 1,1 млн. іншаземцаў, у тым ліку 117 000 гасцей з Беларусі.
Па словах спецыялістаў, паток гасцей з Беларусі застаецца вялікім, і яны ахвотна трацяць грошы на розныя пакупкі.
«Беларусы часта пытаюцца ў нашых супрацоўнікаў аб крамах. Іх больш за ўсё цікавяць больш дарагія магазіны», -- кажа прадстаўнік Віленскага цэнтра турызму Зіта Букіна.
Нашы суайчыннікі часта наведваюць гандлёвыя цэнтры. Тут яны змятаюць адзенне, абутак, электроніку, ювелірныя вырабы, касметыку.
Гандлёвы цэнтр Ozas, які актыўна рэкламуецца ў Мінску, Віцебску, апраўдвае гэта. Як сцвярджае прадстаўнік цэнтра Ozas Дайва Гайлюшайце, у мінулым годзе колькасць пакупнікоў з Беларусі ўзрасла больш чым удвая.
«Беларусаў цікавяць вядомыя брэнды, а тавары тут танней, чым у іх. Акрамя гэтага, яны могуць вярнуць частку ПДВ», -- сказала Гайлюшайце.
Адзін беларус у гандлёвым цэнтры траціць у сярэднім 500-600 літаў, а больш за ўсё кліентаў з суседняй краіны бывае па выходных.
Прадстаўнік гандлёвага цэнтра Akropolis Чэславас Урбанавічус заўважыў, што апошнім часам кліенты з Беларусі выбіраюць не толькі вядомыя брэнды і больш дарагія тавары, але і купляюць ежу.
У пачатку лютага рэкламнае агенцтва AD Hunters Baltics правяло даследаванне, падчас якога апытала 1032 грамадзян Беларусі, якія прыехалі ў Літву. Высветлілася,
што пакупкі беларусаў складаюць немалую частку абароту крамаў Вільні - у сярэднім 10-15%, а ў некаторых крамах - да 30%.
У сярэднім за адну паездку беларусы трацяць у літоўскіх крамах 450-600 даляраў ЗША (1170-1560 літаў).
Найбольш выгадна ім купляць абутак, адзенне, бытавую тэхніку, парфумерыю, ювелірныя вырабы, алкагольныя напоі з заходніх краін, так як у Беларусі яны каштуюць удвая даражэй.