Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад універсітэтаў скарачэння выдаткаў і лаяльнасці.
Такую задачу ён паставіў сёння, даючы згоду на прызначэнне рэктараў трох беларускіх ВНУ.

Звяртаючыся да кіраўнікоў установаў адукацыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «крычачых праблем у ВНУ няма, але звычайных — больш чым дастаткова».

«Нам трэба дашліфаваць усё тое, што мы калісьці пачалі рабіць, аж да арганізацыйных момантаў. Я маю на ўвазе скарачэнне тэрмінаў навучання,
выбару тых прадметаў, якія патрэбныя, каб мы не прымушалі студэнтаў працаваць па прынцыпе «здаў залік і забыўся», — сказаў ён.

«Я думаў, што тут будзе не фармальнае прасоўванне, а разумнае, і не з нейкіх ведамасных падыходаў, што там гадзін не хопіць камусьці. Трэба жыць дзяржаўнымі інтарэсамі», — дадаў Лукашэнка.

«Мы вельмі добра ведаем, што там лішняе, што трэба пакінуць, а што дадаць. Але скарачацца трэба. І ў гэтым кірунку працэс пайшоў», — канстатаваў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сур’ёзную ўвагу неабходна звярнуць і на якасць навучання. Паводле яго слоў, у навучальных установах ўсё яшчэ назіраюцца факты расхлябанасці, безадказнасці, фармальнага падыходу да справы.

Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на сваім патрабаванні арыентаваць навучанне студэнтаў на практыку.

«Самае галоўнае — гэта практыка. Палову часу, асабліва студэнты сельгасВНУ, іншых прыкладных спецыяльнасцяў, павінны быць на месцах. Да прыкладу, педагогі павінны пастаянна быць у школе,
паўтара, два гады ў аўдыторыях натрэніравалі, навучылі і потым трэніроўка ў школе, у полі, на прадпрыемстве. Хай студэнт лепш раней (не дай бог, калі гэта здарыцца) адчуе, што ён не туды трапіў. А так ён заканчвае ВНУ, прыходзіць у сельгасарганізацыі, або на прадпрыемства, або ў школу, адчувае, што не туды трапіў, і пачынаецца перакваліфікацыя», — адзначыў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад рэктараў быць актыўнымі ўдзельнікамі мадэрнізацыі навучальнага працэсу:
«Хацелася б, каб мадэрнізацыя гэтых ВНУ ішла не толькі зверху, ад міністра, але і вы былі яе актыўнымі ўдзельнікамі. Па-першае, каб мы правільна зрабілі і не дапусцілі памылак, бо вам лепш відаць, як мадэрнізавацца, а па-другое, каб вы вельмі гучна сказалі, калі гэта дрэнна, што гэтым шляхам ісці нельга. Гэта ўлада не падарве, наадварот, я гэтага не баюся».
«Шмат у нас праблем у ВНУ, і канкрэтных праблем. Але я хачу, каб вы ўлічылі, што ломкі і глыбокага рэфармавання сістэмы адукацыі мы больш не дапусцім. І вось гэтыя ўсплёскі, якія нам часам падкідваюць, напрыклад, праблемы з мовамі ці яшчэ якіясьці — гэта не больш чым балбатня. Мы ўсе гэтыя пытанні даўно вырашылі.

Нагадаем, што ў Беларусі толькі 0,5% студэнтаў навучаецца па-беларуску, хоць на перапісе 2009 года больш за палову людзей назвалі беларускую роднай мовай, а 23% — мовай, на якой яны размаўляюць дома.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?