Аўтар падручніка «Паліталогія»

Новы рэктар Універсітэта культуры Юрый Бондар — чалавек дастаткова малады, яму 40 гадоў. Да гэтага ён быў першым прарэктарам. Месца ў БУКу вызвалілася пасля таго, як былы рэктар Барыс Святлоў заняў пасаду міністра культуры.

Бондар — кандыдат палітычных навук. Разам са сваім бацькам — Паўлам Бондарам — выпусцілі ў «Беларускай энцыклапедыі» падручнік «Паліталогія. Навука аб палітыцы» на расейскай мове. Замовіць кнігу не складае ніякай цяжкасці.
«Інстытуцыяналізацыя палітычнай навукі ў пераходным грамадстве: (сістэмны аналіз вопыту Беларусі і Расіі)», — так гучала дысертацыя Бондара, якую ён абараніў у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Большасць публікацый спадара Бондара — на рускай мове. Між тым універсітэт адзін з нешматлікіх у Беларусі, дзе застаецца традыцыя выкладання па-беларуску, дзякуючы нябожчыцы-рэктарцы Ядвізе Грыгаровіч.

«Мы ўсведамляем, што прыярытэтнай задачай для Універсітэта культуры сёння з’яўляецца забеспячэнне кадрамі рэгіёнаў. Бо менавіта там іх найбольш бракуе. Пакуль што мы здатныя забяспечыць хіба палову заявак, якія адтуль паступаюць. Але… Тут узнікае пытанне: ці вернецца мэтавік працаваць на малую радзіму? Або ён скарыстаецца з усялякіх прэферэнцый, а потым зробіць ручкай на развітанне?», — казаў у адным з інтэрв’ю Юрый Бондар.

Даводзілася Бондару апраўдвацца, калі загадчыкам кафедры эстраднага майстэрства ў БУКу стала спявачка Ірына Дарафеева, а таксама калі звальнялі выкладчыцу Надзею Лаўрухіну, за якую ўступіліся студэнты.

Абараняўся ў Маскве
Андрэй Кароль імкліва ўзляцеў па кар’ернай лесвіцы. Перад прызначэннем на пасаду рэктара Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ён быў усяго толькі загадчыкам кафедры педагогікі.
На гэтым месцы ён быў ад верасня, а да гэтага ўзначальваў аналагічную кафедру ў Гродзенскім медуніверсітэце.

Кароль — таксама малады рэктар. Варта сказаць, што ўніверсітэт ён скончыў у 1995 (фізіка-тэхнічны факультэт). Потым тры гады адпрацаваў у гродзенскай школе настаўнікам.

Кандыдацкую фізік Кароль абараніў па тэме: «Метад эўрыстычнага дыялогу як сродак актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў». Абарона прайшла ў Маскве, у Расійскай акадэміі адукацыі.

Навуковая ступень доктара педагагічных навук прысуджалася ВАКам Расійскай Федэрацыі.

Стыпендыят прэзідэнта для таленавітых маладых навукоўцаў за 2012 год. Узнагароджаны граматамі Расійскай акадэміі адукацыі за ўклад у рэалізацыю творчага патэнцыялу навучэнцаў і педагогаў (2009, 2010).

Спецыяліст па сельгастэхніцы

Зменены рэктар і ў Аграрным тэхнічным універсітэце. Узначаліў яго Іван Шыла (цёзка вядомага маладафронтаўца). Шыла — пенсіянер, яму 62 гады. Родам з вёскі Ямнае Столінскага раёна.

Скончыў матэматычны факультэт БДУ. Працаваў у інстытуце сельскай гаспадаркі.

Адзін год быў намеснікам прэзідэнта (тады пасада называлася так) Акадэміі навук. Папрацаваў разам з сённяшнім прэм’ерам Мясніковічам.

Доктарскую Шыла абараніў на тэму: «Эксплуатацыя, аднаўленне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі». У 2004 стаў прафесарам. У БДАТУ працуе ад 2002 года.

* * *

Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад універсітэтаў скарачэння выдаткаў і лаяльнасці.
Такую задачу ён паставіў сёння, даючы згоду на прызначэнне рэктараў трох беларускіх ВНУ.

Звяртаючыся да кіраўнікоў установаў адукацыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «крычачых праблем у ВНУ няма, але звычайных — больш чым дастаткова».

«Нам трэба дашліфаваць усё тое, што мы калісьці пачалі рабіць, аж да арганізацыйных момантаў. Я маю на ўвазе скарачэнне тэрмінаў навучання,
выбару тых прадметаў, якія патрэбныя, каб мы не прымушалі студэнтаў працаваць па прынцыпе «здаў залік і забыўся», — сказаў ён.

«Я думаў, што тут будзе не фармальнае прасоўванне, а разумнае, і не з нейкіх ведамасных падыходаў, што там гадзін не хопіць камусьці. Трэба жыць дзяржаўнымі інтарэсамі», — дадаў Лукашэнка.

«Мы вельмі добра ведаем, што там лішняе, што трэба пакінуць, а што дадаць. Але скарачацца трэба. І ў гэтым кірунку працэс пайшоў», — канстатаваў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сур’ёзную ўвагу неабходна звярнуць і на якасць навучання. Паводле яго слоў, у навучальных установах ўсё яшчэ назіраюцца факты расхлябанасці, безадказнасці, фармальнага падыходу да справы.

Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на сваім патрабаванні арыентаваць навучанне студэнтаў на практыку.

«Самае галоўнае — гэта практыка. Палову часу, асабліва студэнты сельгасВНУ, іншых прыкладных спецыяльнасцяў, павінны быць на месцах. Да прыкладу, педагогі павінны пастаянна быць у школе,
паўтара, два гады ў аўдыторыях натрэніравалі, навучылі і потым трэніроўка ў школе, у полі, на прадпрыемстве. Хай студэнт лепш раней (не дай бог, калі гэта здарыцца) адчуе, што ён не туды трапіў. А так ён заканчвае ВНУ, прыходзіць у сельгасарганізацыі, або на прадпрыемства, або ў школу, адчувае, што не туды трапіў, і пачынаецца перакваліфікацыя», — адзначыў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад рэктараў быць актыўнымі ўдзельнікамі мадэрнізацыі навучальнага працэсу:
«Хацелася б, каб мадэрнізацыя гэтых ВНУ ішла не толькі зверху, ад міністра, але і вы былі яе актыўнымі ўдзельнікамі. Па-першае, каб мы правільна зрабілі і не дапусцілі памылак, бо вам лепш відаць, як мадэрнізавацца, а па-другое, каб вы вельмі гучна сказалі, калі гэта дрэнна, што гэтым шляхам ісці нельга. Гэта ўлада не падарве, наадварот, я гэтага не баюся».
«Шмат у нас праблем у ВНУ, і канкрэтных праблем. Але я хачу, каб вы ўлічылі, што ломкі і глыбокага рэфармавання сістэмы адукацыі мы больш не дапусцім. І вось гэтыя ўсплёскі, якія нам часам падкідваюць, напрыклад, праблемы з мовамі ці яшчэ якіясьці — гэта не больш чым балбатня. Мы ўсе гэтыя пытанні даўно вырашылі.

Нагадаем, што ў Беларусі толькі 0,5% студэнтаў навучаецца па-беларуску, хоць на перапісе 2009 года больш за палову людзей назвалі беларускую роднай мовай, а 23% — мовай, на якой яны размаўляюць дома.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?