«У мінулы панядзелак ён пайшоў у пашпартны стол. Яму сказалі ісці ў ЖКГ, бо яго ж прызналі памерлым. Там яму сказалі, што прапісаць не могуць,
бо павінны прыехаць дзеці і даць згоду прапісацца ў ягонай жа кватэры. Прыехалі дзеці, напісалі заяву, каб прапісалі. Пайшоў раз, сказалі прыйсці ў абед. Прыйшоў другі раз. Сказалі збіраць дакументы і падаваць у суд. І так вось паўмесяца, бедны, ходзіць. Уяўляеце?» — распавяла сястра Мікалая Шпака Святлана.
61-гадовы Мікалай Шпак, у якога «гаспадары» ў Расіі адабралі ўсе дакументы, дагэтуль не можа аформіць пенсію.

«Ну хаця б гэта паскорыць усё. А то сядзі і чакай. Сабраць дакументы на пэнсію — гэта не так проста. А я ж тут таксама атрымліваю капеечную пенсію — мільён 660 тысяч. А маці 84 гады, што яна яму там дасць? Вадзілі яго да лекара. Трэба зубы паставіць. А што, калі ў яго ў роце адзін зуб? Ён жа казаў, што білі так, што ўсе зубы выбілі. Паставяць устаўныя сківіцы, а імі ці ж можна есці? Ну, паставяць яму з дапамогай „Чырвонага крыжа“. Хадзіў ён да стаматолага, яны дакументы на Мінск паслалі.

Казалі, што могуць паслаць на рэабілітацыю ў санаторый. Але куды ты паедзеш, калі ты без пашпарта?
Каму ты паскардзішся, кажа. Ідзе па вуліцы, хістаецца. Нават у паліклініку схадзіць — пашпарт патрэбны», — кажа Святлана.
Мікалай Шпак паехаў на заробкі ў Расію ў 2001 годзе, калі яму было 47 гадоў.
Толькі ў 2005-м ад яго з Арэнбурскай вобласці прыйшла адзіная кароткая тэлеграма, і сувязь зноў абарвалася.
У 2011 годзе ў Беларусі Мікалая Шпака з прычыны доўгай адсутнасці прызналі памерлым.
А за гэты час у Расіі ў яго змяніліся некалькі «гаспадароў» — адабраўшы дакументы, яны перапрадавалі яго адзін аднаму.
Апошняе месца паднявольнай працы — рыбная ферма адстаўнога прапаршчыка расейскага МУС.

З сям’ёй Шпака, што жыве ў Мазыры, змог звязацца жыхар Арэнбурскай вобласці, якога Мікалай прасіў перадаць весткі на радзіму. Родзічы звярнуліся па дапамогу ў беларускі валанцёрскі ратавальны атрад «Анёл», тыя — у расейскі валянцёрскі атрад «Альтэрнатыва», якому і ўдалося 9 лютага знайсці і вызваліць беларуса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?