Гэта быў страшны сон Сяргея Брына. Бетонны плот з надпісам «відэаназіранне» і калючым дротам, у якім матляўся чырвоны паветраны шарык-сэрца — прыляцеў з сталовай, дзе гулялі вяселле і спявалі народнае. Я шукала праграмістаў і дызайнераў з кампаніі Ultralab, але «Яндэкс. Карты» паказвалі кудысьці за плот, а там не было нічога, акрамя маркотных будынкаў завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, што цягнуліся ўздоўж ракі Свіслач.

Нарэшце брамка адчыніліся, і адтуль выйшаў не вохравец, а станісты юнак у ярка-сіняй куртцы. Яго звалі Яўген Валуеў, ён пісаў са сваім Ultralab дадаткі пад iOS і чамусьці абраў гэтае няўтульнае месца для офіса. «У нас рэжымны аб’ект, праходзьце».

Чалавеку, які не жыве ў Беларусі, такі выбар можа падацца метафарай мясцовага стартап-буму, але гісторыя адносін бізнэсоўцаў і ўлады складанейшая.

Краіна праславілася афшорным праграмістамі і ўвайшла ў сусветны топ-30 у гэтай сферы.
Тры гады таму праграмісты масава пачалі ствараць стартапы і распрацоўваць свае прадукты і сэрвісы. Росквіту IT-прадпрымальніцтва спрыяла воля дыктатара.
Аляксандр Лукашэнка душыў вальнадумства, але разумеў, што будучыня залежыць ад навукоўцаў і праграмістаў, а не ад яго дамоўленасцяў з Расіяй аб прапампоўцы і перапрацоўцы нафты.
Інтэрнэт-бізнэс заквітнеў пасля таго, як у 2005 годзе ў Мінску адкрыліся АЭЗ з падатковымі льготамі і Парк высокіх тэхналогій.
H&F вырашыў вывучыць беларускі феномен і разабрацца, як спалучаецца свабоднае прадпрымальніцтва з Wi-Fi па пашпарце, выкараненнем свабоды слова і іншымі грымасамі посткамунізму.

Сентыментальныя кілеры

Самая частая прыказка турыста ў Мінску — «Як у Саюзе!» З гэтымі словамі ківаюць на Гарвыканкам, разглядаюць трыкатажныя цяльняшкі ў ГУМе, шпацыруюць вуліцамі Маркса і Энгельса, а таксама праспектам Незалежнасці, які дэманструе моц і грунтоўнасць сталінскага ампіру. Тут, у гістарычным цэнтры, ізраільская Viber зняла офіс і распрацоўвае свой VoIP-дадатак для смартфонаў.

Такі офіс можна ўявіць дзе заўгодна: двое ў шэрым гуляюць у пінг-понг, на кухні бар з дзясяткам пачатых бутэлек, у калідоры то там, то тут — сентыментальныя малюнкі жывёлак. Заснавальнікі бываюць тут нячаста і наездамі.

«Беларускі забойца Skype» — так ахрысціў VoIP-дадатак часопіс Businessweek.

Саўладальнік Viber Ігар Магазіннік моршчыцца, калі я нагадваю пра гэта. Мянушка прыляпілася, але да забойстваў далёка: у Viber 170 млн карыстальнікаў, у Skype — утрая больш.

Першая версія Viber была запушчаная ў 2010 годзе; у Магазінніка і яго партнёра, Тальмона Марка, ужо быў сумесны праект — сэрвіс для абмену файламі iMesh. Марка і Магазіннік пазнаёміліся ў ізраільскай арміі і пасябравалі на глебе хайтэку.

Пад iMesh яны знайшлі інвестараў — «гэта інтэлігентныя адукаваныя ізраільскія людзі з грашыма, такіх поўна». Укладанні пачалі вяртацца ўжо праз год, у тым ліку таму яны інвеставалі і ў Viber.

Размясціць распрацоўку ў Беларусі Магазіннік і Марка вырашылі ў 1999 годзе, калі пісалі iMesh. Яны нанялі двух распрацоўшчыкаў у Віцебску і дамовіліся пра аўтсорсінг з мінскай кампаніяй Synesis.
«Мы не сталі працаваць з кітайцамі або індусамі, таму што менталітэт у іх іншы, складана дамовіцца», — успамінае Магазіннік. Ён хітруе — справа не толькі ў менталітэце.
Гадзіна працы праграміста з Індыі тады была прыкладна роўная гадзіне працы праграміста з Беларусі; кітаец абышоўся б даражэй.

Беларуская сістэма адукацыі ўдала захавалася з савецкіх часоў — НДІ ЭВМ, Інстытут радыётэхналогій, спецкафедры.

Штогод ВНУ выпускаюць 3000 праграмістаў. Калі ў 90-х іх паслугі куплялі Apple, Microsoft ці свае ж эмігранты накшталт Аркадзя Добкіна (NYSE: EPAM), то цяпер у Мінск пераносяць распрацоўку.

Старшы праграміст атрымлівае ў Viber на рукі $3000.

«У Ізраілі праграміст каштуе столькі ж, але я плачу за яго ў два — два з паловай разы больш праз падаткі», — падлічвае Магазіннік выгаду ад працы ў Беларусі.

Яго кампанія пакуль у страце, але ў 2013 годзе збіраецца тэставаць розныя мадэлі манетызацыі, а да канца 2014 года акупіць выдаткі інвестараў. Гэта значыць зарабіць дзясяткі мільёнаў даляраў.
Viber не стане платным, але паспрабуе прэміяльныя сэрвісы; якія — пакуль сакрэт. Яшчэ беларусы пішуць версію для дэсктопа, таму што гэта анекдот, калі кілеры скайпа праводзяць гутаркі з праграмістамі праз Skype.

Спатканне за грошы

Калі кампанія Viber карыстаецца дабротамі АЭЗ і зразае траціну выдаткаў, пазбаўленая ад плацяжоў у бюджэт, ПДВ і падатку на прыбытак, то дабрачыннаму аўкцыёну знаёмстваў MaeSens толькі трэба ўступіць у Парк высокіх тэхналогій.
Ініцыяцыя праходзіць так: презентуешь праект назіральнай радзе, і калі яго ўхваляць, можаш размяшчацца дзе заўгодна; у будынку Парку сядзець неабавязкова.
«Як вам прыйшла ў галаву ідэя сумясціць дэйтынг і дабрачыннасць?» — пытаюся ў стваральніка MaeSens (Goodwillion у Расіі і ЗША) Дзяніса Кандратовіча. Ён крыўдзіцца: «Шчыра кажучы, мы не дэйтынг».

Кандратовіч і яго партнёр Міхаіл Карпіцкі пакуюць валізкі на перасадачны рэйс у Сан-Францыска. Яны ўжо паднялі два раунды інвестыцый — іх праект падтрымаў Грэг Кід, які ўкладваўся на ранніх стадыях у Twitter і Square.

Ідэю разыгрываць на аўкцыёне сустрэчы, вячэры і спатканні, а атрыманыя грошы адпраўляць у дзіцячы дом Кандратовіч падгледзеў пяць гадоў таму ў нейкага карыстальніка «Вконтакте» з Украіны.
Кандратовіч вучыўся на IT-інжынера, і яны з сябрамі па ўніверсітэце адкрылі сваю групу «Вконтакте» і раз на месяц праводзілі аўкцыёны. Група хутка вырасла да 6 тыс. чалавек.

Людзі «клявалі» не на фатаграфію, а на апісанне чалавека: «чэмпіён па більярдзе», «навучу плесці макрамэ», «ведаю тысячу і адзін анекдот пра праграмістаў». Але Кандратовіч падкрэслівае, што важная таксама магчымасць спаткання: «Не кожная дзяўчына ці хлопец пагодзяцца з вамі павячэраць проста так, а тут ён абавязаны прыйсці, калі вы выйгралі сустрэчу з ім».

Кандратовіч і яго паплечнікі атрымлівалі па сотні фатаграфій у месяц.

«Мы рабілі бясконцыя табліцы Excel, вялі ўлік: хто сустрэўся, хто заплаціў, чыю фатаграфію не паспелі размясціць, а потым трэба было яшчэ сабраць грошы — нам іх перадавалі проста ў рукі — і адправіць іх праз банк». У канцы 2010 года юрысты намякнулі Кандратовічу, што той займаецца незаконнай дзейнасцю, і яны з Карпіцкім зарэгістравалі кампанію.

Група раскалолася, але Кандратовіч і Карпіцкі думкамі былі ўжо за мяжой: «Мы паставілі камісію 20%, таму што нерэальна было прыцягнуць інвестара, нічога не зарабляючы». Штомесяц яны з партнёрам зарабляюць прыкладна па 400, гэта значыць, на свае грошы не пражылі б.

На выставе стартапаў у Вільні падчас фуршэту Дзяніс пазнаў Грэга Кіда, які стаяў разам з жонкай ля стала. Беларусы падышлі да яго і пачалі выкладаць свае ідэі; той даядаў салату «Цэзар» і ветліва ківаў.
Дапамагла жонка Кіда, якая зацікавілася дабрачынным бокам справы, доўга задавала пытанні, а потым зашаптала нешта на вуха мужу. «Окей, вось мая візітоўка, напішыце мне ў LinkedIn і дашліце бізнэс-план», — развітаўся інвестар.
Улетку 2012 яны паехалі ў Крамянёвую даліну, але праваліліся праз празмернае выкарыстанне слова dating.
Ахвярадаўцы — як правіла, прыстойныя сем’яніны — палохаліся ад ідэі публічна дамагацца спаткання з юнымі красунямі.

Тым не менш, Goodwillion атрымаў ад Кіда і іншага інвестара сродкі і змяніў стратэгію. Кампаньёны звяртаюцца наўпрост да дабрачынных арганізацый і заахвочваюць іх праводзіць аўкцыёны адраснай дапамогі. Увесну зменіцца дызайн і стартуе партнёрская праграма з амерыканскімі дабрачынцамі.

Кандратовіч не раз чуў размовы тыпу «куды ты лезеш, навошта табе Амерыка, мала якія прэтэнзіі КДБ выкаціць». Прыслухоўвацца да іх бізнэсовец не жадае: «Пакуль ты не кранаеш палітыку, усё працуе па правілах».

Пінгвіны і дэмакратыя

«Вы выбралі найлепшае месца ў горадзе», — хваліць Валянцін Мярзлікін кавярню на скрыжаванні Маркса і Энгельса і пускаецца ў развагі пра мінскія ўстановы.

Мярзлікін — гурман, ён можа паехаць у Кіеў па скрыню любімага віна, таму што ў Беларусі такое не прадаецца, а ў яго інстаграме шмат фота прыгожа сервіраваных страваў.
Мне каштавала немалых намаганняў завярнуць яго ў бок высокіх тэхналогій і прымусіць гаварыць пра ўласны праект — мабільную гульню «Дэмакратыя».
Да 2010 года Мярзлікін жыў у Новасібірску і працаваў дырэктарам па продажах Alawar, вытворцы казуальных гульняў (былыя калегі цяпер пытаюцца, як урадзіла бульба). Праца надакучыла Мярзлікіну, ён пачаў шукаць спосаб нічога не рабіць і прыйшоў да высновы, што трэба стварыць уласную студыю. У яго былі накапленні, і ён выбіраў, дзе адкрыць бізнэс: для старту на радзіме грошай было малавата, у Кіеве не спадабалася, што гавораць па-ўкраінску, а ў Беларусі Мярзлікін адчуў нешта роднае.

Пытаюся: «Але як жа таталітарызм, свабода слова, рэпрэсіі, няўжо камфортна?» — «Я з Расіі, вы памятаеце?» — усміхаецца Мярзлікін. У Мінску ён пазнаёміўся з Сяргеем Нескіным, які неўзабаве стаў яго партнёрам і заняўся кіраваннем.

Першую гульню кампаньёны так і не выпусцілі. «У нас банан скакаў у скрынцы па джунглях, вельмі захапляльна», — з’едліва гаворыць Мярзлікін. Гульня не падышла выдаўцам: занадта шмат падобных. Затое другая пратрымалася ў топе AppStore некалькі месяцаў. «Дэмакратыю» выпусцілі 10 снежня, праз шэсць дзён пасля выбараў у Дзярждуму РФ. У полі 6 на 6 квадратаў трэба расставіць аб’екты — траўку, баранчыка, выбаршчыка, участак. Фігуркі трансфармуюцца адна ў адну, з’яўляюцца аб’екты, якія перашкаджаюць прайсці ўзровень, на полі ўзнікаюць Пуцін, Мядзведзеў і цар-Міхалкоў з залатой дзяржавай.

«Я падгледзеў механіку ў адной гульні на Facebook. Мы выбіралі, якія ў нас будуць персанажы, — прызнаецца Мярзлікін. — Пачалі рабіць з пінгвінамі, але раптам прыйшла ідэя зрабіць гульню пра палітыку». Ён разглядае «Дэмакратыю» як уклад у пратэстны рух, хоць апазіцыянеры яго гульню не заўважылі. З’яўленне фігуры «юрыст» дайшло да Аляксея Навальнага праз некалькі месяцаў і не прынесла эфекту. «Нашая аўдыторыя — пасіўныя пратэстоўцы. Тыя, хто не ходзіць на мітынгі, але ў сябе на кухні абмяркоўвае, як усё няправільна ўладкавана».

Такіх стабільна набіраецца 120 тысяч за месяц.

Штодня ў «Дэмакратыю» гуляюць на 10 тысячах айфонаў.
Цяпер тэма выбараў сышла, але расійская палітыка падкідвае Мярзлікіну ўсё новыя фігуры. За апошні час у гульні з’явіліся Ксенія Сабчак з канвертамі, Pussy Riot, храм Хрыста Збаўцы і іншыя.
Мярзлікін і партнёры зарабілі на «Дэмакратыі» $300 тыс. Ён сцвярджае, што атрымаў прапановы зрабіць праекты пра палітыку ЗША, Кітая, адаптаваць гульню для французаў і немцаў. І толькі пра беларускіх палітыкаў ён жартаваць не збіраецца:
«Пра Лукашэнку я б і не змог смешна пажартаваць. Шчыра, не цікаўлюся мясцовай палітыкай. У людзей такі ж стан, як у Расіі годзе ў 2008. Памятаеце, тады ў палітыцы ўсё было сумна і стабільна, затое прачнулася цікавасць да бізнэсу».
Колькасць суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі расце, да канца 2012 года іх было амаль 100 тысяч.

Яны генеруюць 23% ВУП, што на 6% больш, чым годам раней. Тры гады таму Лукашэнка, азнаёміўшыся з рэйтынгам Сусветнага банка Doing Business, ускіпеў і паставіў задачу — увайсці ў першую трыццатку да 2015 года.

Цяпер рэгістрацыя кампаніі займае два дні. Бізнэсоўцу дастаткова аформіць заяву ў выканкам; можна падаць у электронным выглядзе.
Дзяржслужбоўцы не пакутуюць на цяжкія формы хабарніцтва.

«Краіна не такая вялікая, як Расія. Тут няма столькіх узроўняў, на якіх можна красці», — кажа Мярзлікін. «Тут я магу быць упэўнены, што ўсё будзе па правілах і сапраўды па інструкцыі», — паўтарае Магазіннік.

Ціск на бізнэс з боку дзяржавы, безумоўна, існуе, але пакутуюць ад яго буйныя і стратэгічна важныя прадпрыемствы.

«Уявіце, як вы будзеце адбіраць IT-кампанію, — усміхаецца Мярзлікін. — Што вы атрымаеце? Дзясятак камп’ютараў, што імкліва таннеюць, і нуль выгады».

Look at them

Я іду за Яўгенам Валуевым міма абшарпаных завадскіх сцен, з рота валіць пара, памяшканні не ацяпляюцца. Вузкі ліфт, абабіты карычневай фанерай, рыпіць як нязмазаныя калёсы. Аднак за дзвярыма ў офіс Ultralab карціна мяняецца: з doom-інтэр’еру мы трапляем ва ўтульны лофт.
Іграе музыка, раскіданыя аранжавыя мяшкі-пуфы, вісяць коркавыя дошкі, прыбудаваны другі паверх, там таксама працоўныя месцы.

«Мы не хацелі ў бізнэс-цэнтр. Мы хацелі лофт», — кажа Валуеў. Адміністрацыя завода імя Кастрычніцкай Рэвалюцыі баялася браць незразумела чым занятых арандатараў, але два месяцы перамоваў і абяцанне рамонту зрабілі сваю справу.

У 2009 года ў жыцці Валуева адбыўся пералом: ён адправіўся да цёткі ў Канаду і атрымаў у падарунак iPhone. «За два дні мы з братам сабралі прататып першай гульні — з дапамогай акселерометра трэба было ўхіляцца ад кубікаў».
Палову адпачынку Валуеў правёў ля айфона — ні возера, ні Таронта не ўразілі яго так моцна. Вярнуўшыся дадому, ён за два гады сабраў каманду аднадумцаў, і думкі пра эміграцыю зніклі.
Валуеў захапіўся дызайнам і вырашыў, што «працаваць на дзядзьку дрэнна». Яны з аднагрупнікамі збіралі заказы на сайты, да іх далучыліся праграмісты — так нарадзілася Ultralab.
У кампаніі два апублікаваныя дадаткі — iPhorisms з крылатымі фразамі і Ultraweather, які дазваляе накладваць на фатаграфіі для інстаграма звесткі пра надвор’е («я на Балі, тут 32, а чаго дамагліся вы?»).

У абодвух дадаткаў пакуль некалькі сотняў тысяч запамповак у AppStore. Затое праекты дапамаглі Валуеву зразумець, у які бок развівацца. «Як ні дзіўна, нам было не відавочна, што шчыльная інтэграцыя з сацсеткамі і кам’юніці не з’яўляецца ніадкуль. Трэба прыкласці намаганні, каб стварыць правільную супольнасць», — расказвае ён пра тыповыя стартаперскія памылкі.

Стаўку ён робіць на сэрвіс Gifstory — сацсетка для абмену гіфкамі. «Калі мы ўбачылі Vine, пачуцці былі змешаныя. А потым мы зразумелі, як жа нам пашанцавала», — кажа Валуеў пра канкурэнта, які павінен разагрэць рынак і забяспечыць поспех яго дадаткам.
Vine падрыхтуе карыстальнікаў, якія перастануць баяцца кароткіх кліпаў. Пра Gifstory ўжо напісаў у захопленым ключы TechCrunch, таму ў цікавасці аўдыторыі Валуеў не сумняецца. Яшчэ Ultralab рыхтуе сэрвіс, аналізуе сацмедыі («Гэта зойме нейкі час, мы робім усё не спяшаючыся — Беларусь!»).

Кампанія не збіраецца ўступаць у ПВТ. Незалежнасць ад бюракратаў і інвестараў — ключавое паняцце для Валуева: «У кампаніі свая культура, свой шлях і свая каманда». Ён цэніць сяброўскую атмасферу ў лофце і часта зазывае ў госці дызайнераў, фатографаў і стартапераў.

Паста і цюбік

Начальнік аддзела маркетынгу Парку высокіх тэхналогій Юрый Дзеравянка адкрывае ноўтбук і дакладвае: у 2012 годзе Парк зарабіў $350 млн, а з моманту заснавання — $1 млрд.

Пачынаю задаваць Дзеравянку пытанні, але ён спыняе: «Спачатку даглядзіце прэзентацыю, і калі нешта яшчэ будзе незразумела, спытаеце». Яму на выгляд да пяцідзесяці, курыруе IT-тэхналогіі нядаўна, а раней гэты палкоўнік запасу займаўся «замежным супрацоўніцтвам па вайсковай частцы».

Яго начальнік Валерый Цапкала здолеў пераканаць Лукашэнку ў неабходнасці падтрымліваць і кантраляваць высокатэхналагічныя кампаніі. Цапкала да 2002 года быў паслом Беларусі ў ЗША, потым да 2005 года служыў дарадцам прэзідэнта. Дарэчы, позірк на прэзентацыю палкоўніка выяўляе супярэчнасці: развіваюцца прадуктовыя распрацоўкі, але 90% выручкі Парку ў 2012 годзе генеруе тое ж афшорнае праграмаванне (год таму — 80%).

Так ці інакш,

абдымкі, у якіх дзяржава ўтрымлівае айцішнікаў, толькі здаюцца моцнымі.

Так, падаткі,

стабільнасць і ўзровень цэнаў, які дазваляе плаціць ніжэйшыя заробкі, чым у суседзяў, — гэта выдатна. Але рэжым Лукашэнкі трымаецца на палітычных гульнях з Расіяй і яе нафтай, і гэта хісткая аснова.
Эканаміст Канстанцін Сонін ва «Уроках эканомікі» паказвае, што
поспех дыктатуры — часовы эфект. Калі ўлада не змяняецца, рост эканомікі і нават яе ўстойлівасць малаімаверныя.
Пры гэтым дыктатары катастрафічна непераборлівыя ў выбары пераемнікаў.

Лукашэнка ўжо атрымаў сігнал: паўтара года таму ўрад на час дэвальвацыі беларускага рубля зафіксаваў даляр на 56% ніжэй рэальнай цаны. Юрасобам загадалі абмяняць валюту за тры дні па курсе ЦБ. Многія IT-кампаніі недаатрымалі частку выручкі і пачалі зандаваць глебу наконт штаб-кватэр за мяжой — на выпадак яшчэ аднаго крызісу.

Прадпрымальнікі, з якімі я размаўляла, не падобныя да Жавуноў і Мігуноў з «Чараўніка Смарагдавага горада», якімі выглядаюць беларусы ў працах этнографаў. Яны не падобныя і да шарыкаў, што заблыталіся ў калючым дроце.

Грамадзяне свету не прывязваюць бізнэс да Беларусі і прагматычна выкарыстоўваюць рэжым Лукашэнкі, разумеючы, што могуць перавезці кампанію ў больш камфортны клімат. Пакуль ім зручна ў Мінску, яны тут, але калі што, гатовыя сабраць рэчы і з’ехаць з берагоў Свіслачы ў Еўропу ці ЗША.
У кожнага адкрытая віза ў дзяржаву, якая, як яны лічаць, можа стаць больш зручнай для прадпрымальніцтва.

Гэтай свабодай ад domestic market яны выгадна адрозніваюцца ад большасці расійскіх стартапаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?