Суд Фрунзенскага раёна Мінска працягвае разглядаць справу Андрэя Забабуры, кіроўцы «Поршэ Каен», які насмерць збіў 9-гадовага школьніка Улада Грудзьева каля СШ №23.

* * *

У судзе па справе кіроўцы «Поршэ-Каена» Андрэя Забабуры яго адвакат Ігар Папкоўскі зноў заявіў хадайніцтва аб правядзенні комплекснай аўтатэхнічнай экспертызы.

Абаронца лічыць неабходным скласці маштабную схему месца ДТЗ 13 лістапада 2012 года каля мінскай сярэдняй школы № 23 на вуліцы Панчанкі. У ёй, на думку адваката, павінны быць указаны тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіляў, якія размясціліся ля бардзюра злева па ходу руху «Поршэ».

Таксама неабходна шляхам графічнага мадэлявання вызначыць ўчасткі бачнасці пляцоўкі школы з «Поршэ» за тры секунды да наезду, траекторыю руху школьніка за тры секунды да наезду.
Акрамя таго, неабходна ўстанавіць, на працягу якога часу кіроўца рэальна мог бачыць хлопчыка на працягу трох секундаў да наезду, і вызначыць, ці з’яўляецца гэты час дастатковым для ацэнкі кіроўцам сітуацыі і прыняцця захадаў.

Раніцай 13 лютага суддзя ўжо адхіліла хадайніцтвы аб правядзенні дадатковай экспертызы, палічыўшы, што праведзенай падчас следства дастаткова. Супраць гэтага хадайніцтва выступілі і дзяржабвінаваўца, і пацярпелыя.

Па словах Папкоўскага, улічваючы, што для правядзення прапанаванай ім экспертызы неабходна адзін-два месяцы, ён просіць суд змякчыць меру стрымання Забабуры, вызваліўшы яго з-пад варты.
Сам абвінавачваны, па яго словах, гатовы, каб суд змяніў меру стрымання з утрымання пад вартай на вызваленне пад заклад. Дзяржабвінаваўца — супраць, пацярпелыя аддалі рашэнне гэтага пытання на разгляд суда.

Суддзя ўзяла час на прыняцце рашэння.

* * *

Суддзя Юлія Блізнюк адхіліла абодва хадайніцтвы: аб прызначэнні новай комплекснай экспертызы і пра змену меры стрымання на падпіску пра нявыезд.

Забабура пад вартай знаходзіцца ад 7 снежня. Суд палічыў гэта законным, адпаведным цяжкасці абвінавачання.

* * *

37-гадовага Забабуру вінавацяць паводле крымінальнага артыкула «парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека». Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?