«Для ўсіх хакеістаў, якія прыбылі ў размяшчэнне нацыянальнай зборнай і ўзялі ўдзел у алімпійскай кваліфікацыі, выступленне за сваю краіну было справай гонару, а не грошай» — з такой заявай пад загалоўкам «Да ўвагі грамадскасці!» выступіла 12 лютага Федэрацыя хакея Беларусі.

Нагодай для заявы стаў артыкул карэспандэнта газеты «Прессбол» Сяргея Новікава Slovenia, у якім ён паведаміў, што «назаўтра пасля паражэння нашых хакеістаў ад славенцаў быў вельмі ўражаны падрабязнасцю, пачутай з вуснаў статуснага спартыўнага кіраўніка. Аказваецца, перад ад’ездам на алімпійскую кваліфікацыю ў Военс зборная Беларусі рубам ставіла пытанне аб прэміяльных — паўмільёна долараў „на круг“ за траплянне ў Сочы».

У сувязі з гэтым ФХРБ «выказвае здзіўленне матэрыялам».
«Ад імя хакеістаў зборнай каманды Беларусі і трэнерскага штаба» федэрацыя «кампетэнтна заяўляе, што нацыянальная зборная каманда Беларусі па хакеі не выстаўляла патрабаванні аб прэміяльных за ўдзел і выхад каманды на Алімпійскія гульні 2014».
«Закон аб СМІ дае журналісту права не раскрываць крыніцу інфармацыі, чым я ў гэтым выпадку і пакарыстаюся, — заявіў БелаПАН Новікаў.
— У дапаўненне магу сказаць толькі адно: выказванне, на якое я спаслаўся, было зроблена ў публічным полі, падчас мерапрыемства афіцыйнага характару. Акрамя мяне на ім прысутнічала некалькі дзясяткаў чалавек».

Беларускія хакеісты не трапілі на Алімпіяду ў Сочы, заняўшы другое месца ў сваёй адборачнай групе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?