Учора сайт «Беларускі партызан» распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што былы кіраўнік справамі прэзідэнта Мікалая Корбута знаходзіцца пад «хатнім арыштам».
У Следчым камітэце «НН» паведамілі, што гэтае ведамства не праводзіць у дачыненні Корбута ніякіх дзеянняў.
Мы вырашылі патэлефанаваць самому былому «заўхозу» Лукашэнкі. Адбыўся наступны дыялог.
«Мікалай Мікалаевіч?»
«Так».
«Добры дзень! З „Нашай Нівы“ турбуюць. Учора з’явілася інфармацыя пра ваш арышт…»
«Адкуль вы?»
«Газета «Наша Ніва».
«Прабачце, да пабачэння».
Пры хатніх арыштах часам дазваляюць, а часам не дазваляюць размаўляць па тэлефоне. Напрыклад,
Ірыне Халіп і Уладзіміру Някляеву не давалі карыстацца мабільнікамі і інтэрнэтам. А вось міліцыянт Дзінас Лінкус даваў «НН» інтэрв'ю пад хатнім арыштам.
Варта таксама заўважыць, што ў чацвер на адмысловай нарадзе Аляксандр Лукашэнка жорстка скрытыкаваў працу Кіраўніцтва справаў прэзідэнта.





