«Скрадзеныя грошы? Прыходзьце паглядзіце, што ён накраў! Нават палепшыць свае жыллёвыя ўмовы не змог», — кінула адна з сясцёр Сашы Варламава пасля судовага паседжання 5 лютага.

Раён вуліцы Асаналіева, на якой жыве Варламаў, — далёка не прэстыжны. Звычайны, толькі вельмі доўгі, дзевяціпавярховік 1982 года пабудовы.

У невялікай двухпакаёвай кватэры на 3-м паверсе і жыў Варламаў да зняволення. Кватэру гэтую, па словах яго сясцёр, пабудавалі пасля таго як знеслі дом, у якім жылі Варламавы. Дзве сястры атрымалі па кватэры, а Аляксандр з маці — адну на дваіх.

«Перапланіроўку зрабіў, калі мама памерла ў 1991 годзе, знёс сцены паміж пакоем і кухняй і туалетам і ваннай, — паказвае кватэру сястра Варламава Рыма Шымчонак. — Самая звычайная кватэра, без усялякіх вынаходстваў, толькі аформлена цікава: сцены пафарбаваныя адна ў чырвоны, другая ў жоўты. А ўвогуле ёсць тое, што ёсць у кожнай кватэры… Тэлевізар, пральная машына апісаныя. Так што мне прывезлі яшчэ адну. І лядоўню — на выпадак, калі і яе апішуць і ўсё забяруць».

Рыма Леанідаўна таксама зарэгістраваная ў гэтай кватэры: «Прапісалася ў снежні 2010 года. У мяне трохпакаёвая, але там дзеці, унукі — я ім пакінула. Усё роўна хадзіла сюды гатаваць, прыбіраць, сціраць. У мяне дзеці вялікія, вырашыла браціка глядзець. Хто яму будзе гатаваць — ні жонкі, ні дзяцей».

Але на судзе Варламаў пра свой сямейны статус казаў «разведзены».

«У яго была жонка, але фіктыўная. Хтосьці камусьці хацеў дапамагчы — яны сябры, ні дня разам не жылі. А як арыштавалі, дык ён кажа, падымайце Ліду, каб яе кватэру не арыштавалі. Так і развяліся».

Жанчына паказвае фігуркі з «Млына моды»:

«Спачатку былі такія прызы, кожнаму дызайнеру ўручаў — самае звычайнае шкло», — а яшчэ паказвае гіпсавыя рукі і ступні, раскіданыя па кватэры: «Таксама ніякай каштоўнасці не ўяўляюць».

У розных месцах-то вочы, то вусны, рукі, ногі — як часткі адной вялікай гіпсавай фігуры.

Апошні раз Рыма Шымчонак бачыла брата 19 мая 2011 года.

«Ён заехаў у офіс, прывёз нейкія паперы. І пакуль ехаў дадому, следчыя папрасілі заскочыць на Бабруйскую 33, а там яны дачакаліся 12-й ночы і арыштавалі яго».

Дарэчы, у гэты дзень Варламаву далі трэцюю групу інваліднасці.

Рыме Леанідаўне ўвесь гэты час не даюць спаткання з братам:

«Даведаліся, што жывем разам — і ўсё. Сястры давалі. Але пасля аперацыі (Варламаву падчас зняволення зрабілі 4-ю аперацыю на пазваночніку) яна ўжо не просіць, таму што Саша цэлую гадзіну, што адводзіцца на спатканне, не выседзіць».

«Нічога дарагога ў кватэры няма. Вось паглядзіце, шкляныя палічкі — нічога незвычайнага, а прыгожа, таму што ў чалавека ёсць талент».

На лядоўні вісяць магніты: «Як ездзіў у Швецыю, Аўстрыю, ну, дзе бываў — прывозіў магніцікі. Але гэта ж дробязь».

У другі пакой Рыма Леанідаўна вядзе нас са слязамі на вачах:

«Я ўсё чакаю цуду — у той пакой не хаджу, спадзяюся, што выпусцяць. Хачу, каб усё было свежанькае».

Гардэроб мадэльера надзіва маленькі, асабліва калі ўспомніць гардэробы расійскіх знакамітых моднікаў. Адзенне Рымы Леанідаўны займае тут нават больш месца, чым самога Варламава. «Усяго шэсць жакетаў і два кароткіх паліто, а яму ж у людзі выходзіць. У такога знакамітага чалавека, які столькі накраў, усяго чатыры касцюмы! — усклікае жанчына. — Ён жа, як выйдзе пінжак з моды, нашые на рукавы і кішэні — атрымаўся новы пінжак».

«Я яму гатавала капусту, боршч, кашу грачаную… Але больш за ўсё ён любіць смажаную бульбу, квашаную капусту і кіслыя (не марынаваныя) агуркі. Я яму цяпер капусту і агуркі перадаю, купляю ў бабак на рынку па паўкіло, каб адразу з’елі там разам — ім жа трэба ўсё за раз з’есці», — кажа сястра Варламава.

Мы пацікавіліся пра заробак Варламава за мінулыя гады.
Са слоў дзяржабвінаваўцы, злачынная дзейнасць Варламава адносіцца да перыяду 2004–2011 гадоў.

«Жыў як і раней, па-ўсякаму. Было такое, што і есці не было чаго. У яго ж любая капейка ішла на мерапрыемствы, сябе ён асабліва не глядзеў, — кажа жанчына, — Вы ж чулі, што ў БДУ ён працаваў на грамадскіх пачатках, гэта значыць бясплатна, а потым (будучы на стаўцы начальніка Цэнтра моладзевай моды БДУ) атрымліваў капейкі».

Праўда, кажа Рыма Леанідаўна, ён падзарабляў, напрыклад, ставіў паказы ў Берлінскім тэатры.

— Дом?

— Божа, які дом? У нас толькі кватэры, ніякай уласнасці. Машыну я адразу прадала. За два дні, вельмі танна. Таму што трэба было плаціць за адваката. Усё! Больш нічога няма і не было. І запасу ніколі не было, жывем на пенсіі.

Рыма Леанідаўна паказала журналістам квітанцыю аб атрыманні грошай:

«1,27 млн рублёў — гэта яго пенсія. Я атрымліваю і нашу яму перадачы. Што я магу купіць за гэтыя грошы?»

Каля пад’езда сустрэлі мужчыну з сабакам. Навінам пра суд над Варламавым ён вельмі здзівіўся:

«Ды не можа быць! Вельмі прыстойны чалавек. Ніколі не пройдзе міма, каб не павітацца».

Аказалася, гадоў восем таму мужчына 2 гады кожную раніцу падвозіў Сашу Варламава на працу.

«Я тады „таксаваў“, а ў яго не было машыны. У асноўным ездзілі ў Фрунзенскі раён, скрыжаванне вуліцы Чыгладзэ з яшчэ нейкай — там адміністрацыйны будынак. Ён грашыма не раскідваўся, расплачваўся за падвоз, можна сказаць, з нацяжкай — ну, я яму зніжку рабіў як пастаяннаму кліенту. А з працы дабіраўся сам».

Па словах Аляксандра, Варламаў жыў у дастатку, але адзенню аддаваў перавагу простаму, у чорным колеры.

Машына ў Варламава, кажа Аляксандр, з’явілася потым.

«З год, можа, яго на мінівэне падвозілі. Ён за рулём ніколі не быў — толькі з кіроўцам».

«Ён прыстойны чалавек, салідны мужчына, які сябруе з галавой. Зайдзіце ў пад’езд, спытайце, ён нікому кепскага слова не сказаў. Ніколі носу не драў, як іншыя начальнікі», — дзеліцца назіраннямі суразмоўца.

Зразумела, што ўсе гэтыя факты наўпрост да суда не адносяцца. Затое даюць уяўленне пра тое, у якіх умовах жыў мадэльер і як ладзіў свой быт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?