Настаўнікі Іллю Калманоўскага звольнілі з аднаго з ліцэяў Масквы пасля яго ўдзелу ў акцыі супраць закона аб забароне прапаганды гомасэксуалізму ля будынка Дзярждумы. Пра гэта піша сайт расейскай службы радыё «Свабода».

Са словаў Калманоўскага, ягонае імя згадвалі ў рэпартажах СМІ. «Мае апаненты хутка вылічылі мяне і маю школу, паслалі скаргі адміністрацыі, і ўжо ў панядзелак дырэктар паведаміў мне, што звальняе мяне дзеля выратавання школы», — напісаў Калманоўскі.

«Скаржнікі напісалі адміністрацыі, што яны бацькі маіх вучняў (я ўпэўнены, што гэта няпраўда) і што я адкрыта прызнаў сябе геем; яны просяць ахаваць дзяцей ад мяне. А калі не ахаваюць — яны будуць скардзіцца вышэй і вышэй. Завуч (думаючы яшчэ выратаваць мяне) у адказ напісаў, проста ўвечары ў нядзелю, што не, я выдатны сем’янін, але проста вельмі малады і яны выб’юць з маёй галавы глупства», — дадаў Калманоўскі.

У панядзелак Калманоўскага ўсё ж звольнілі.

«Я спытаўся: усё, вярнуліся ТЫЯ часы? А дырэктар адказаў, ТЫЯ часы ніколі і не праходзілі», — распавёў выкладчык.

Калманоўскі адпрацаваў настаўнікам у ліцэі сем гадоў.

Напярэдадні каля будынка расейскай Думы, дзе ў першым чытанні быў прыняты закон аб забароне прапаганды гомасэксуалізму сярод непаўналетніх, пабіліся праваслаўныя актывісты і прадстаўнікі ЛГБТ-руху. Паліцыя затрымала 20 чалавек.

Крытыкі закона сцвярджаюць, што ён не будзе мець ніякіх рэальных наступстваў, бо ніякай такой прапаганды няма ў прыродзе і быць не можа, але разам з тым ён сімвалічна стыгматызуе людзей з іншай сэксуальнай арыентацыяй і настройвае грамадства супраць іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0