Інтэлігентны праграміст у акулярах, што цяпер жыве паміж Берлінам і Вільняй, палюбіў Беларусь і яе мову, калі прыехаў у Мінск, як і многія замежнікі, вывучаць расійскую. Але ён сустрэў «добрых беларускамоўных сяброў». І пачалося…

Асаблівасць Тобіяса ў тым, што ён здолеў канвертаваць веданне беларускай у прафесійны бонус, які дэманструе ягоную вялікую зацікаўленасць лёсам краіны. Хаця гэта не перашкаджае яму лічыць беларускую «самай рамантычнай» мовай. І даваць рэцэпты перамогі беларускай.

Настаўніца глядзела на мяне з вялікай павагаю

Першапачаткова я прыехаў у Беларусь, каб вывучыць расійскую мову, але падчас навучання з’явіліся добрыя беларускамоўныя сябры. З’явіліся і рускамоўныя сябры, якія мне расказалі, што беларуская мова ім вельмі падабаецца, толькі яны не ведаюць, з кім бы паразмаўляць. Тады я вырашыў вывучыць гэтую мову на знак падтрымкі і сяброўства.

Мне падавалася, што ў гэтай мовы нейкая пазітыўная аўра: мая настаўніца рускай мовы, жанчына ва ўзросце маёй мамы, глядзела на мяне з вялікай павагаю, калі даведалася пра мой намер. А іншы настаўнік параіў мне не наведваць курсы мовы ў дзяржаўных універсітэтах, бо «беларускую мову трэба вывучыць у паэтаў». Такія рэакцыі мяне дадаткова зацікавілі.

Звярнуўся я і да мастака Артура Клінава, чыя «Маленькая падарожная кніга па горадзе сонца» ў гэты час выйшла ў прэстыжным нямецкім выдавецтве. Ён хутка адказаў і знайшоў мне калегу, якая аказалася выдатным рэпетытарам. Кнігарні «Ў» тады яшчэ не было, затое быў славуты «гіпермаркет» на Машэрава, 8, дзе я набыў сабе поўны камплект сувеніраў з паралельнай рэчаіснасці: сцягі, гербы, слоўнікі, аўдыёкнігі ды «Нашу Ніву». З інтэрнэта напампаваў электронных слоўнікаў, якія ўсталяваў на камп’ютар і мабільнік. Зразумела, чытаў усе базавыя курсы на ангельскай мове, якія знайшоў у сеціве.

Пра трасянку ў Германіі ўжо дысертацыі пішуць

Адна з галоўных складанасцяў вывучэння беларускай палягае ў тым, што моўныя практыкі адрозніваюцца мацней, чым у больш распаўсюджаных мовах. Хтосьці табе кажа, што «пакуль» на развітанне — калька з расійскай, хтосьці — што гэта цалкам звычайны выраз. Хтосьці ў першы раз чуе слова «аўтаспын», іншыя пішуць «італійскі», калі слоўнік табе кажа «італьянскі». Каму верыць? Да гэтага яшчэ тузін нормаў правапісу. Моўны свет Беларусі багаты і разнастайны. Гэтым можна ганарыцца!

Відаць, усіх ужо дасталі спрэчкі пра тое, дзе ставіць мяккі знак. Але я за кансэнсус. Мне падаецца, важней глядзець на агульнае, чым ствараць бар’еры. І Ліпковічы — частка беларускай культуры, і трасянка. Я ўпэўнены, што беларуская мова пераможа, калі ў яе надалей будзе рэпутацыя медыума для сучаснага, свабоднага мыслення. І гэта ўключае павагу да разнастайнасці, а не толькі вузканацыянальную перспектыву. Інакш альбо не пераможа, альбо ў вас будзе як Ірландыя пасля вызвалення ад ангельскай акупацыі.

Адначасова, здаецца, расце і павага да трасянкі, і гэта таксама файна, бо ў нейкім сэнсе яна яшчэ больш аўтэнтычная за літаратурную мову. Нават у Германіі ўжо пішуць дысертацыі пра яе.

Застаецца толькі пажадаць, каб і моўная адукацыя для школьнікаў-беларусаў стала больш жывой і шырокай, каб яна цікавіла моладзь і магла натхніць яе да ўсяго спектру беларускай культуры. Не трэба ледзь-ледзь чытаць нейкія кнігі, трэба, каб студэнты рабілі праекты, інтэрв’ю з носьбітамі мовы, дыскусіі з паэтамі, перакладалі творы сусветнага мастацтва з іншых моваў. Добрым прыкладам з’яўляецца часопіс «ПрайдзіСвет» ды розныя праекты пад дахам Галерэі «Ў».

Многія словы, пазычаныя з нямецкай у беларускую, мне падаюцца даволі смешнымі. Але больш за ўсё мне падабаецца прыклад слова «цымус», якое прыйшло з ідыша. «Цымус» значыць «самае смачнае», «самае цікавае», «эсенцыя чагосьці». Уяўляю сабе страчаную Беларусь, яўрэйскі «штэтл», падчас габрэйскага Новага года. Сям’я сядзе за святочны стол, абмяркуе жыццё-быццё, а ў дзяцей толькі адна думка: калі ўжо будзе самае цікавае, самае смачнае, самая эсенцыя гэтага свята — салодкі маркоўны дэсерт, «цымес».

Беларуская — самая рамантычная мова

Ці падобная мова да іншых — пытанне ўласнага светапогляду. Беларуская падобная да ўкраінскай, польскія рысы таксама мае. Граматыка падобная да астатніх індаеўрапейскіх моваў. А для марсіян усе нашыя мовы аднолькавыя.

Яна мілагучная.

Праўда, не адзіная мілагучная, але самая рамантычная. Чаму? Бо ад таго, што ты на ёй размаўляеш, няма ніякай матэрыяльнай карысці.
Затое яна, (дзякуючы тым, хто на ёй размаўляе) звязвае даўнейшую культурную спадчыну з канцэпцыяй свабоднай і прывабнай краіны, з Беларуссю будучыні.

Я даволі часта карыстаюся беларускай. У Германіі я заснаваў нямецка-беларускія сустрэчы пад назвай «Беларускі стол заўсёднікаў». Нядаўна пераехаў у Вільню, дзе я супрацоўнічаю з беларускімі ініцыятывамі. Беларуская мова мне вельмі дапамагае, бо ўсім партнёрам адразу зразумела, што мая цікавасць да лёсу краіны не часовая, і я магу быць паўнавартасным удзельнікам беларускай каманды без моўных альбо культурных перашкодаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?