1. Абслугоўваў дыпламатаў

Нарадзіўся Мікалай Корбут у вёсцы Ужа Капыльскага раёна, недалёка ад мястэчка Грозава, дзе праходзілі баявыя дзеянні падчас Слуцкага паўстання 1920 года. Корбут скончыў наргас.

Чалавек гэты правераны. Апошнія 18 гадоў ён адпрацаваў толькі ў Кіраўніцтве справаў прэзідэнта. Спачатку ўзначальваў «Дыпсервіс» — арганізацыю, якая займаецца абслугоўваннем дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый. Акрамя таго, у абавязкі ўстановы таксама ўваходзіць матэрыяльна-тэхнічнае і сацыяльна-бытавое забеспячэнне дзейнасці вышэйшых службовых асобаў. У 2001 ён стаў першым намеснікам кіраўніка справаў. А ў 2009 сам узначаліў гэтае ведамства.

«Для вас важная сумленнасць і прыстойнасць у працы. Вас абавязвае да гэтага сама шыльда вашага ведамства — Кіраўніцтва справаў прэзідэнта. Калі ў вас нейкі пралік — адразу кідаецца цень на прэзідэнта», — казаў Лукашэнка, прызначаючы Корбута.

Звяртае на сябе ўвагу, што за два тыдні да Корбута ў адстаўку быў адпраўлены і ягоны першы намеснік Анатоль Дазораў.

2. Загадчык вялізнай бізнэс-імперыі

Кіраўнікоў справаў прэзідэнта інакш называюць прэзідэнцкімі «заўгаспамі». На гэтай пасадзе за часы кіравання Лукашэнкі былі розныя людзі. Напрыклад, першым быў Іван Ціцянкоў. Той самы, які рваў бел-чырвона-белы сцяг пасля рэферэндуму аб змене сімволікі, а пасля ўцёк у Расію. Ад 2001 да 2004 упраўляючай была Галіна Жураўкова, якую арыштавалі за раскраданні, але кіраўнік дзяржавы яе памілаваў.

Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — гэта вялізная бізнэс-імперыя, якая ўключае ў сябе латарэі, офісы, кавярні, нават нацыянальныя паркі, санаторыі, як у Беларусі, так і за мяжой, гатэлямі. Таму і пасада ўпраўляючага вельмі адказная.

Публічную незадаволенасцю працай Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Лукашэнка выказваў аднойчы. Калі сталі вядомыя факты існавання бардэля ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі», а таксама злоўжыванні падчас паляванняў там жа. Корбуту загадалі «жастачайша» з гэтым разабрацца.

3. Займаўся адраджэннем слуцкіх паясоў

«У доме кожнага беларуса павінен быць слуцкі пояс», — заявіў Лукашэнка падчас леташняга звароту да парламента і народа. Хаця яшчэ перад гэтым кіраўнік справаў прэзідэнта Мікалай Корбут асабіста праводзіў нараду па адраджэнні слуцкіх паясоў. У працу былі ўцягнутыя гісторыкі, мастацтвазнаўцы, тэхнолагі, дызайнеры і ткачы-практыкі.

Не так даўно аб’яднанне «Дзяржмастацпромыслы» аб’явіла адкрыты конкурс на «Стварэнне ўпакоўкі і (ці) пашпарта аналагаў, копій слуцкіх паясоў, а таксама сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы». Выглядае, што хутка паясы беларускай вытворчасці сапраўды з’явяцца ў продажы.

Таксама Корбут курыраваў пытанне ўвядзення ў Беларусі сістэмы д’юты-фры.

4. Місія ў Абхазіі

Мікалай Корбут часта з’яўляўся ў паведамленнях СМІ разам з тагачасным кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем. Напрыклад, у 2009 годзе яны наведалі Сухумі, дзе пры зачыненых дзвярах мелі сустрэчу з прэзідэнтам Абхазіі Сяргеем Багапшам. Што за місію выконвалі тады Макей і Корбут было не да канца ясна. Незалежнасць жа Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Беларусь так і не прызнала.

Зрэшты, Корбут з Макеем лёталі не толькі ў далёкія краі, але і на суботнікі выходзілі разам.

5. Другі Корбут

Мікалай Корбут – гэта ўжо другі чалавек з такім імем у найвышэйшых эшалонах улады. Ад 1997 да 2008 міністрам фінансаў быў Мікалай Пятровіч Корбут, працаваў да той пары, пакуль не разбіў інсульт. Мікалай Мікалаевіч Корбут усяго толькі поўны цёзка былога міністра, хоць і паходзяць яны з аднаго слуцка-капыльскага рэгіёна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?