Выяўленне ў Беларусі віруса, А(H1N1), які два гады таму прывёў да пандэміі, не павінна выклікаць паніку. Пра гэта заявіла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан 9 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, хоць вірус і працягваюць зваць пандэмічным, сёння не ідзе гаворка пра тое, «што ён страшны». Вірус цыркулюе ўжо трэці сезон, у тым ліку і летась, калі ў Беларусі не было нават эпідэміі грыпу. Акрамя таго, ён уключаны ў склад вакцыны, таму грамадзяне, якія зрабілі прышчэпку, засцераглі сябе. «Любы грып, вядома, каварны па-свойму, і, зразумела, неабходна выконваць усе меры прафілактыкі, і асабліва важнай з’яўляецца вакцынапрафілактыка», — падкрэсліла Карабан.

Галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па інфекцыйных хваробах Ігар Карпаў таксама заклікаў насельніцтва спакойна ставіцца да таго, што ў Беларусі выяўлены, А(H1N1).
«Гэты грып завецца пандэмічным па старым звычаі, але на самой справе гэта сезонны грып. Вірус у гэтай сітуацыі паводзіць сябе ўжо па-іншаму», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць узнікнення новых небяспечных вірусаў грыпу, якія пераносяцца жывёламі, Карпаў адзначыў, што «шэраг вірусалагічных падзей» можа адбывацца пры вялікай колькасці вадаплаўных птушак. Ад іх новыя вірусы могуць перадавацца іншай жывёле. Аднак спецыялісты-вірусолагі па ўсім свеце адсочваюць працэсы генных зменаў вірусаў і пры неабходнасці своечасова інфармуюць медыкаў.

Трэба адзначыць, што 8 студзеня ў Міністэрстве аховы здароўя заяўлялі, што ў Беларусі пакуль не выяўлена выпадкаў грыпу, А(H1N1).

На сённяшняй прэс-канферэнцыі загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Шымановіч паведаміла, што у тых, хто захварэў у Беларусі, вызначаецца як вірус грыпу A(H3N2), так і A(H1N1), а таксама вірусы грыпу B.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?