За выхадныя вышыня снежнага покрыва ў Беларусі павялічыцца: у Мінску наблізіцца да 30 см, а ў сярэднім па краіне складзе ад 30 да 45 см, што вышэй за кліматычную норму.

Пра гэта паведаміла БелаПАН галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

«Такі снежны снежань назіраецца прыкладна адзін раз у 15–20 гадоў. Апошні раз такія паказчыкі былі зафіксаваны ў снежні 1998 года», — сказала Парашчук.

Сіноптык паведаміла, што ў выхадныя чакаецца ўзмацненне маразоў, моцны вецер і снежныя заносы. Беларусь, паводле яе слоў, стала «полем бітвы» паміж антыцыклонам, які рухаецца з усходу на захад, і цёплым паветрам, што цыркулюе з захаду на ўсход.

Кульмінацыя гэтай «бітвы» чакаецца 15–16 снежня: тэмпература паветра па рэспубліцы апусціцца да мінус 10 градусаў днём і да мінус 13 ноччу. Снегапады, пік якіх прыйдзецца на нядзелю, будуць суправаджацца моцным ветрам, што прывядзе да снежных заносаў, расказала Парашчук.
Яна рэкамендавала вадзіцелям адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля без крайняй неабходнасці.

З пачатку наступнага тыдня ўплыў антыцыклона на тэрыторыі Беларусі ўзмоцніцца — гэта прывядзе да далейшага паніжэння тэмпературы.

На поўначы і паўночным усходзе краіны маразы дасягнуць мінус 20–25 градусаў. У Мінску тэмпература апусціцца да мінус 10–12, а ўжо да сярэдзіны тыдня складзе 18 градусаў марозу.
«Гэта на 3–8 градусаў ніжэй, чым сярэднясутачная тэмпература ў снежні. Паводле папярэдняга прагнозу, марознае надвор’е прадоўжыцца да канца наступнага тыдня», — сказала Парашчук.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?