Спатрэбіўся сёння для працы «Герой нашага часу» Міхаіла Лермантава. Зняў з паліцы адпаведны том, а з яго выпалі два старыя праязныя білеты на аўтобус, тралейбус і трамвай. Ужо не ўспомню, у якім годзе я іх набываў. Прабітыя на кампостары, але не разрэзаныя, калісь яны служылі мне закладкаю.

Першае, што кінулася ў вочы, — цана білета. 2000 руб. Амаль такая, як і цяпер. І такая, якая будзе праз месяц-другі.

…Калі мне казалі (цяпер ужо не кажуць) пра паспяховую беларускую эканамічную мадэль, я заўсёды пытаўся ў сваіх суразмоўцаў: калі ў нашай краіне з’явіцца нармальная, як у суседзяў, валюта, калі з’явяцца манеты?

У нас ужо былі сто-, дзвюхсот- і пяцісоттысячныя купюры, былі і мільённыя. Потым, пасля дэнамінацыі, яны зніклі. Але ўсё вяртаецца на кругі свае. Вярнулася статысячная купюра. Летась ужо няцяжка было прадказаць вяртанне ў абарачэнне дзвюхсоттысячнай. Сёлета, калі справы пойдуць гэтак і далей, можна чакаць пяцісоттысячную. А там і да мільённай нядоўга.

Мусіць у гэтым — у хаджэнні па кругу — і заключаецца спецыфіка беларускай эканамічнай мадэлі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?