Выратавальнікі ў Гомельскай вобласці выцягнулі з гурбы снегу машыну хуткай дапамогі, у якой везлі ў лякарню цяжкахворую пацыентку.
Здарэнне адбылося мінулай ноччу за 100 метраў ад вёскі Рудня Гарбовіцкая ў Калінкавіцкім раёне. Шафёр хуткай не справіўся з кіраваннем на цяжкім участку дарогі, машыну аднесла ў сумёт на краі праезнай часткі, і «Газэль» засела ў ім.
Пасажыры машыны не пацярпелі. Аднак брыгада хуткай дапамогі везла ў бальніцу пацыентку ў цяжкім стане з дыягназам «парушэнне мазгавога кровазвароту», якой патрабавалася тэрміновая шпіталізацыя.
Работнікі МНС пры дапамозе лябёдкі выцягнулі аўтамабіль на праезную частку дарогі, пасля чаго хворая была дастаўлена ў бальніцу.





