12 снежня Рада Беларускага ПЭН-цэнтру вызначыла лаўрэатаў штогадовых прэмій імя Адамовіча і Багушэвіча. Прэмія імя Алеся Адамовіча ўручаецца за найлепшую кнігу публіцыстыкі, што выйшла цягам года. Яе лаўрэатамі сёлета стануць былы рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў за кнігу «Беларусь 1994—2004 гг.: разбудова дзяржавы і пераслед нацыі» і Аляксандр Фядута за кнігу «Амерыканскія вершы», напісаную падчас знаходжання ў СІЗА КДБ.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча даецца за найлепшую кнігу на гістарычную тэму, якая спрыяе абуджэнню нацыянальнай свядомасці. Рада ПЭН-цэнтру сёлета ганаруе ёй гісторыкаў Алеся Краўцэвіча — за шыкоўна аформленую кнігу «Гедымін (1316–1341). Каралеўства Літвы і Русі» — і Уладзіміра Ляхоўскага, які напісаў даследаванне «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ — І-й палове ХХ ст (да 1939 г.)».

Уручэнне прэмій Беларускага ПЭН-цэнтра адбудзецца на пачатку 2013 года.

* * *

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1996 годзе. Яе ляўрэатамі былі:

1995 — Павал Шарамет, Анатоль Казловіч, Віталь Цыганкоў, Валянцін Жданко, Самсон Палякоў і рэжысёр Алай;

1996 — Віталь Тарас;

1998 — Сяргей Дубавец;

2000 — Міхась Скобла;

2001 — Валянцін Акудовіч;

2004 — Генадзь Бураўкін;

2006 — Сяргей Навумчык;

2007 — Павал Севярынец;

2010 — Сяргей Шапран;

2011 — Аляксандар Тамковіч і Мікалай Мельнікаў.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча заснаваная ў 1994 годзе. Яе лаўрэатамі былі:

1995 — Кастусь Акула;

1996 — Уладзімір Арлоў;

1997 — Лявон Баршчэўскі і Аляксандар Лукашук;

1998 — Сяргей Ёрш;

1999 — Вячка Целеш і Ала Сакалоўская;

2000 — Ніна Стужынская;

2001 — Алесь Белы;

2002 — Андрэй Катлярчук;

2003 — Захар Шыбека;

2004 — Аляксандр Надсан;

2006 — Леанід Маракоў;

2010 — Вольга Бабкова;

2011 — Зміцер Санько і Людміла Рублеўская.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?