Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ірына Вештард адказала на пытанні журналіста газеты «Наш Магілёў» Ігара Барысава.

У прыватнасці было зададзена пытанне «З якімі палітычнымі сіламі партыя збіраецца весці дыялог».

Перш-найперш з апазіцыйнымі партыямі, якія існуюць як рэальныя суб’екты і могуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, у сябры выбарчых камісій і г. д. Такіх палітычных арганізацый, акрамя нашай, чатыры: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Партыя БНФ. Пятая партыя — Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада — ужо даўнавата не бярэ удзел у палітычных кампаніях. Што тычыцца Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, падобна на тое, што яе лідэр лічыць сапраўднымі апазіцыянерамі толькі сябе і сяброў сваёй партыі.

А як жа «Гавары праўду» і «Рух за свабоду»?

Перш за ўсё трэба адзначыць, што і «Гавары праўду», і «Рух за Свабоду» ў значнай меры абапіраюцца на сябраў палітычных партый, прыцягваюць іх у свае шэрагі, — сказала Ірына Вештард

«Рух за Свабоду», можа, і мае яркага лідара Аляксандра Мілінкевіча, аднак, на маю думку, сама арганізацыя складаецца з адколатых частак правых партый і арганізацый. З Рухам «За Свабоду» цяжка будзе весці дыялог, бо шмат хто з членаў гэтай арганізацыі мае двайное сяброўства, то бок знаходзіцца паралельна і ў «Руху за Свабоду», і ў адной з правых партый.

Што тычыцца кампаніі «Гавары праўду», то мы ў бліжэйшы час хацелі б сустрэцца з яе кіраўніцтвам і паразмаўляць аб нашых далейшых планах узаемадзеяння. Каб не атрымалася так, што сябры нашай партыі раптам сталі «іхнімі». Каб не было таго, што назіралася пры стварэнні «Руху за Свабоду». Нам надакучылі ўсе гэтыя завабліванні і спробы адколваць актыўных людзей ад партый. Большасць нашых партыйцаў з’яўляюцца прыхільнікамі таго, каб захаваць цэласнасць партыі.

Лічу, што і «Гавары праўду», і «Рух за Свабоду» не маюць выразнай палітычнай ідэалогіі. Якія каштоўнасці, апроч агульнадэмакратычных, яны вызнаюць?

Сацыял-дэмакратычныя, камуністычныя, кансерватыўныя, ліберальныя? Можна толькі сказаць, што арганізатары кампаніі «Гавары праўду» пры няўнасці «Руху за Свабоду», які ў значнай ступені абапёрся на сябраў АГП і Партыі БНФ, вымушаныя былі абаперціся на асобных сябраў БСДП і «Справядлівага свету».
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?