Аб тым, што ў сталоўцы галоўнага корпуса ГрДУ бастуюць кухары, паведамілі студэнты.

«У чацвер тут былі проста горы нямытага посуду!» — «Каля дзвярэй сталоўкі было шмат асоб з адміністрацыі, але мы падумалі, што яны есці прыйшлі» — «Так, нешта было. Ды і зараз нешта абываецца. Усе нервовыя, бегаюць, нешта высвятляюць», — кажуць нам студэнты, што прыйшлі паабедаць.

Сталоўка працуе. На пытанні аб забастоўцы кухары рэагуюць нервова. Моўчкі сыходзяць у падсобныя памяшканні. Нічога не адказваюць.
Але ў прыватнай размове пацвярджаюць нашыя падазрэнні:
«У нас усё у чацвер пачалося. Ну, а што нам рабіць? Кухар пятага разраду (гэта значыць, у працоўныя абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка страў і кулінарных вырабаў, якія патрабуюць асабліва складанай кулінарнай апрацоўкі — аўт.) атрымлівае на рукі 1 мільён 200 тысяч рублёў»
— «Адміністрацыя ўніверсітэта ў курсе?» — «Так, яны да нас прыходзілі, размаўлялі, але сітуацыя можа працягвацца і далей».

Ускосна словы калегі пацвярджае і касірка: «Хутка з такімі заробкамі ўсе адсюль пазбягаюць». Цікаўлюся, колькі ж яна зарабляе? Аказваецца, адзін мільён…

Каб высвятліць сітуацыю, тэлефаную ў адміністрацыю ўніверсітэта. «У нас ніхто не бастуе і не баставаў. Не прыдумвайце. У нас усё нармальна», — чую ў слухаўцы.

***

Італьянская забастоўка – форма пратэсту разам з забастоўкай і сабатажам, сэнс якой у строгім выкананні супрацоўнікамі прадпрыемства сваіх службовых абавязкаў і правіл, ні на крок не адыходзячы ад іх і ні на крок не выходзячы за іх межы. Такая форма забастоўкі прыводзіць да істотнага замаруджвання працы і адбіваецца на выніках. Часам італьянскі страйк называюць працай па правілах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?