Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» патрабуе адмены дэкрэта № 9 як антыканстытуцыйнага. Пра гэта гаворыцца ў заяве бюро ЦК партыі.

Як лічыць «Справядлівы свет», дакумент яўна супярэчыць нормам Канстытуцыі. «Новы дэкрэт робіць залежнасць работніка ад наймальніка яшчэ больш рабскай», — гаворыцца ў заяве. Ім устаноўлена, што кантракты, заключаныя з работнікамі да таго, як дэкрэт № 9 набыў моц, «пасля заканчэння тэрміну іх дзеяння прадаўжаюцца ў межах максімальнага тэрміну іх дзеяння, а пасля заканчэння максімальнага тэрміну іх дзеяння заключаюцца новыя кантракты на перыяд рэалізацыі інвестыцыйнага праекта». Скасаванне кантракта ў перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па ініцыятыве работніка зараз магчыма толькі са згоды наймальніка.

«Такім чынам, дэкрэтам забараняецца самастойная адмова работніка ад заключэння ці прадаўжэння кантракта і звальненне ў выпадку нязгоды са змяненнем істотных умоў працы ці пасля заканчэння тэрміну кантракта»,
— падкрэслівае партыя «Справядлівы свет».

Як нагадваецца ў заяве, айчыннае заканадаўства гарантуе кожнаму чалавеку права на свабодны выбар працы, на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы. «Артыкул 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наўпрост забараняе прымусовую працу, акрамя працы ці службы, вызначанай прыгаворам суда ці ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы», — нагадвае партыя.

«На падставе выкладзенага партыя „Справядлівы свет“ кваліфікуе дэкрэт № 9 як чарговую антыканстытуцыйную спробу кіруючага рэжыму вырашыць праблемы, якія ўзніклі ў выніку правядзення бяздарнай эканамічнай палітыкі і прымітыўнага дзяржаўнага кіравання, за кошт работнікаў — шляхам гвалтоўнай прывязкі іх да неэфектыўных і бесперспектыўных вытворчасцяў, дзе выплачваюцца нізкія зарплаты і не забяспечваецца належны ўзровень сацыяльнай абароны. У гэтых мэтах прэзідэнт і ўрад ідуць на грубае парушэнне Канстытуцыі краіны і абавязацельстваў, прынятых Рэспублікай Беларусь у межах міжнароднага заканадаўства», — гаворыцца ў дакуменце.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў, партыя накіруе гэту заяву ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, «каб яны звярнулі ўвагу на гэту праблему і заняліся гэтым пытаннем». Што ж датычыцца Канстытуцыйнага суда, то Ухналёў растлумачыў, што палітычныя партыі не з’яўляюцца тым суб’ектам, якія могуць ініцыяваць разгляд дэкрэта на адпаведнасць Асноўнаму закону ў Канстытуцыйным судзе. «Аднак сам суд можа па ўласнай ініцыятыве ініцыяваць разгляд гэтага пытання. Таму мы звернемся ў КС з лістом з просьбай самастойна разгледзець гэты дэкрэт на адпаведнасць Канстытуцыі», — заявіў Ухналёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?