Дэвід Бэкхэм з сынамі святкуе перамогу.

Дэвід Бэкхэм з сынамі святкуе перамогу.

Дэвід Бэкхэм трыумфальна завяршыў свой апошні матч за амерыканскую футбольную каманду «Лос-Анджэлес Гэлаксі», якая перамагла «Х’юстан Дынама» з лікам 3:1 і зноў заваявала кубак амерыканскай Галоўнай футбольнай лігі (MLS). Бэкхэм выступаў за каліфарнійскі клуб пяць з паловай гадоў.

«Мне вельмі сумна, што ўсё скончылася, — сказаў Бэкхэм. — … Гэта вельмі значнае для мяне месца і назаўсёды такім застанецца. Мне было прыемна стаць часткай клуба на шэсць гадоў. Хай я і не буду тут больш знаходзіцца, але я буду па-ранейшаму прыкладаць усе намаганні для развіцця гэтага клуба, гэтай лігі і гэтага спорту.

Бэкхэм быў блізкі да пераходу ў французскі ПСЖ мінулай зімой, але тады вырашыў падпісаць новы кантракт з клубам з Лос-Анджэлеса. Зараз пра цікавасць да яго паведамляецца з боку мноства каманд з розных кантынентаў — Аўстраліі, Паўднёвай Амерыкі і Азіі.

Ужо ў бліжэйшыя выходныя пачнуцца перамовы пра магчымы пераход Бэкхэма ў «Манака», які лідзіруе зараз у другім па сіле французскім дывізіёне.
Сам футбаліст сцвярджае, што пакуль не ведае, дзе працягне сваю спартыўную кар’еру.

Нядаўна экс-капітан зборнай Англіі заявіў, што не збіраецца вяртацца на радзіму ў Прэм’ер-лігу, бо не хоча выступаць за іншыя клубы, акрамя «Манчэстэра Юнайтэд».

Летась Бэкхэм ужо заваёўваў кубак MLS у складзе «Лос-Анджэлес Гэлаксі. А ў фінале 2009 года яго каманда пацярпела паразу ў серыі пасляматчавых пенальці ад «Солт-Лэйка».

За 10 хвілін да заканчэння сустрэчы трэнер «Гэлаксі» замяніў Бэкхэма, які па шляху на лаўку запасных паспеў абняць гульцоў як сваёй каманды, так і каманды суперніка.

За сваю кар’еру Дэвід Бэкхэм шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам Англіі ў складзе «Манчэстэр Юнайтэд, выйграваў у ім жа Лігу чэмпіёнаў і адзін раз выйграў іспанскае першынство з мадрыдскім «Рэалам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?