Польскі серыял раскажа пра кантрабанду зброі з Беларусі на Балканы

У 12 серыі 2 сезона «Камісара Алекса» паліцэйскі Марэк Бромскі і яго пёс Алекс будуць расследаваць забойства на базары Лодзі 2 мужчын

25.11.2012 / 12:38

Як пазней акажацца, адзін з іх быў звязаны з кантрабандай зброі з Беларусі на Балканы. Рабіў ён гэта па загадзе нефармальнага кіраўніка базару. Аднак аднойчы вырашыў пераправіць зброю сам. За гэта ён і быў забіты.

Паліцэйскі Бромскі знаёміцца з жонкай забітага — беларускай Наталляй. Бандыты пагражаюць ёй забойствам, калі яна не прызнаецца, дзе яе муж схаваў транспарт са зброяй.

Наталля і Бромскі знойдуць зброю, але яна трапіць у рукі банды. Бандыты прыкуюць паліцэйскага і беларуску да металічнага слупу. Побач з імі будзе цікаць гадзіннік бомбы, кінуты ў кучу бульбы…

«Камісар Алекс» — польскі крымінальны серыял. Падзеі фільму адбываюцца ў Лодзі. Правобразам для яго стаў аўстра-германскай серыял «Камісар Рэкс».