Ермакова: Пытанне выдзялення чарговага траншу, магчыма, будзе палітычным

21.11.2012 / 13:29

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова не выключае, што сітуацыя з выдзяленнем Беларусі чарговага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС у 440 млн. долараў будзе вырашацца на палітычным узроўні.
Пра гэта яна паведаміла журналістам 21 лістапада ў Мінску, адказваючы на пытанне аб тым, наколькі невыкананне планаў па прыватызацыі можа адбіцца на выдзяленні чарговага траншу крэдыту.

«Атрымліваецца так, што гэтае пытанне як бы пераходзіць у межы палітычныя. Мы спадзяемся, што гэтае пытанне будзе вырашана, і крэдыт АКФ ЕўрАзЭС мы ўсё ж атрымаем», — сказала Ермакова.

Нагадаем, рада АКФ ЕўрАзЭС у чэрвені 2011 года ўхваліў выдзяленне Беларусі ў 2011–2013 гадах крэдыту на 3 млрд. долараў.
Тры траншы крэдыту з шасці на 1,68 млрд. ужо атрыманыя. Ацэначная місія АКФ, якая знаходзілася ў Беларусі з 15 па 19 кастрычніка, правяла кансультацыі па выдзяленні чацвёртага траншу крэдыту на 440 млн. долараў. Пытанне аб яго выдзяленні павінна быць разгледжанае радай АКФ 5 снежня. Адной з умоў выдзялення крэдыту з’яўляецца правядзенне прыватызацыі ў Беларусі.